BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: а выбара і не было

Чэхія прапануе ЕЗ забараніць імпарт Расейскага і беларускага збожжа. Пуцін выйграў у Пуціна. Міграцыйнае пагадненне паміж ЕЗ і Егіптам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: Lenta.ru

Імпарт расейскага збожжа азначае падтрымку агрэсара, таму Чэхія прапануе Еўразвязу ўключыць гэты артыкул аб імпарце ЕЗ у санкцыйны спіс. «На бліжэйшай сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі ЕЗ хочуць дабівацца ўключэння ў санкцыйны спіс сельгаспрадукцыі з Расеі і Беларусі. Размова ідзе аб збожжавых і алейных культурах», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrinform.

«Расейскае зерне і беларускія тавары проста не маюць бізнесу ў Еўропе. Няма прычын, па якіх расейскае зерне павінна быць у Еўропе. Няма ніякіх падстаў падтрымліваць агрэсара. Адмова ад імпарту не прывядзе да істотнага росту цэнаў на прадукты харчавання. Чэхія збірае восем мільёнаў тон збожжа ў год, у той час як патрэбнасць краіны складае каля пяці мільёнаў тон, таму астатняе ідзе на экспарт. Паводле звестак Еўрастата, летась Расея экспартавала ў ЕЗ больш за 1,5 мільёна тон збожжа, што на 50 працэнтаў больш, чым да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Раней паведамлялася, што кіруючая кааліцыя ў Латвіі пагадзілася забараніць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі», – адзначае ўкраінскае выданне.

Прэзідэнцкія «выбары» ў Расеі скончыліся чаканым вынікам: Уладзімір Пуцін зацверджаны на пасадзе прэзідэнта на наступныя шэсць гадоў. Згодна з заявай ЦВК, за Пуціна было аддадзена амаль 88 працэнтаў галасоў. Назіральнікі паведамілі сама меней пра тысячы выпадкаў парушэнняў падчас выбараў. Кандыдаты ад апазіцыі да ўдзелу ў выбарах дапушчаны не былі. Еўрапейская прэса піша пра тое, якія высновы можна зрабіць па выніках дзейства, якое завяршылася. Мадрыдская газета El Mundo з трывогай адзначае, што Пуцін моцны як ніколі.

«Выбары паслужылі палітычнай падстрахоўцы вайны, у якой час – на баку Крамля. Крэмль спадзяецца на тое, што заходнія саюзнікі стомяцца, што, уласна, і прадэманстравала апошняя сутычка паміж Макронам і Шольцам. За апошнія два гады Пуцін яшчэ ніколі не быў такі моцны. Гэта змушае Еўропу рабіць усё магчымае для таго, каб абараніць Кіеў ад Расеі, якая стала экзістэнцыйнай пагрозай і якая магла паглынуць былыя савецкія рэспублікі Эстонію, Латвію і Літву, якія сталі часткай Еўропы. Параза Пуціна – гэта таксама адзіны спосаб перавесці краіну на дэмакратычныя рэйкі, адмяніць уведзеныя супраць яе санкцыі – і зноў прыняць Расею ў міжнародную супольнасць», – адзначае гішпанскае выданнне.

Еўразвяз заключыў новую дамову з Егіптам. Чакаецца, што да 2027 года краіна атрымае суму ў памеры да 6,8 мільярда еўра – у выглядзе крэдытаў і інвестыцый, накіраваных, сярод іншага, на эканамічнае развіццё і цыфравізацыю. Акрамя таго, ЕЗ выдзеліць Каіру 600 мільёнаў еўра ў выглядзе прамых субсідый, трэць з якіх павінна пайсці на стрымліванне нелегальнай міграцыі. Аглядальнікі ў большасці сваёй крытычна паставіліся да новай угоды – і прыводзяць свае довады. Амстэрдамская газета De Volkskrant бачыць у новым міграцыйным пакце меншае з зол:

«Адзін са спосабаў скарачэння некантралюемай міграцыі – павелічэнне колькасці магчымасцяў для міграцыі легальнай. А замежная палітыка нярэдка ўяўляе сабой выбар паміж вельмі непрывабнымі альтэрнатывамі. Падтрымка рэжыму Ас-Сісі ідзе ўразрэз з еўрапейскімі каштоўнасцямі, аднак, з іншага боку, бяздзейнасць ставіць пад пагрозу стабільнасць Еўразвяза. Вядома, Еўразвяз зараз пэцкае рукі, звязваючыся з дыктатарам, якім з’яўляецца егіпецкі кіраўнік, але ж дэмакратычных лідараў у гэтым рэгіёне днём з агнём не адшукаеш!», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.

У Венгрыі з’явілася новая палітычная партыя, якая жадае кінуць выклік Віктару Орбану. 15 сакавіка, калі ў краіне адзначаецца Дзень Венгерскай рэвалюцыі 1848 года, падчас мітынгу з удзелам дзясяткаў тысяч прыхільнікаў Петэр Мадзьяр аб’явіў пра стварэнне новай цэнтрысцкай партыі. Мадзьяр – былы муж Юдзіт Варгі, палітыка ад кіруючай партыі Фідэс, якая пайшла ў адстаўку ў выніку скандалу вакол памілавання саўдзельніка педафіла. Па словах Мадзьяра, ён мае намер пакласці канец кіраванню Фідэс  і абараніць права Венгрыі быць «сучаснай еўрапейскай краінай». «Відаць, менавіта адсутнасць харызмы якраз і прыцягвае людзей да Мадзьяры», – наракае венгерская газета  Népszava.

«Мажліва нечаканы поспех Петэра Мадзьяра грунтуецца менавіта на ягоным шэрым і безаблічным профілі. Наша Вугоршчына нагадвае камунальную кватэру, у якой ужо шмат гадоў працякае дах. А ўпаўнаважаны прадстаўнік, замест таго каб выклікаць майстра для рамонту, расцякаецца думкай па дрэве, размаўляючы аб замовах на дождж і аб тым, што, маўляў, суседні шматкватэрны дом пляце супраць яго інтрыгі. Большасці людзей усё гэта ўжо даўно абрыдла, і яны ўжо гатовыя выйсці на вуліцы дзеля таго, каб на змену гэтаму кату-баюну прыйшоў безаблічны кіраўнік, які замест пафасных вяшчунстваў і бачанняў здолеў бы проста залатаць дах», – піша венгерскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя