BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Адзіным фронтам

Расея павялічвае імпарт паліва з Беларусі з-за рызыкі дэфіцыту пасля нападаў на НПЗ. Еўропа: недаацэнка небяспекі, якая зыходзіць ад ІГІЛ? Балгарскія перавыбары. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: РИА Новости

«Расея ў сакавіку павялічыла імпарт бензіну з Беларусі, каб пераадолець рызыку дэфіцыту на ўнутраным рынку, які ўзнік з-за рамонту на расейскіх НПЗ пасля нападаў беспілотнікаў. Расея звычайна з’яўляецца экспарцёрам бензіну на міжнародныя рынкі, але няўдача расейскіх НПЗ вымусіла нафтавыя кампаніі пачаць яго імпартаваць», – перадае ўкраінскае выданне Украінска правда.

«Звычайна Расея імпартуе з Беларусі вельмі мала бензіну. Сёлета яна павялічыла імпарт і ў першай палове сакавіка закупіла амаль 3 тысячы тон бензіну. Да гэтага Расея ў лютым імпартавала 590 тон, а ў студзені паставак з Беларусі не было. Дзве галіновыя крыніцы заявілі, што ўрады і нафтавыя кампаніі абмяркоўвалі далейшы імпарт. Адна з крыніц паведаміла, што перамовы ішлі няпроста, паколькі прыярытэтам Беларусі стаў экспарт бензіну на міжнародныя рынкі. Іншая крыніца паведаміла, што імпартныя патрэбы Расеі будуць залежаць ад таго, наколькі хутка ўдасца адрамантаваць НПЗ. Акрамя таго, расейскія нафтавыя кампаніі могуць павялічыць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у абмен на дадатковыя пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею. У Беларусі ёсць два нафтаперапрацоўчыя заводы: Наваполацкі НПЗ («Нафтан») і Мазырскі НПЗ. Прадукцыйнасць кожнага з іх складае 12 мільёнаў тон у год (каля 240 000 барэляў у дзень), але яны звычайна перапрацоўваюць менш, каля 9 мільёнаў тон у год (каля 180 000 барэляў у дзень)», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.

***

Пасля жорсткага тэракту ў падмаскоўным Краснагорску, адказнасць за які ўзяла на сябе групоўка ІГІЛ, і ў іншых краінах расце трывога з нагоды магчымых нападаў ісламістаў. У Францыі ўведзены вышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы, а міністр унутраных спраў ФРГ Нэнсі Фезер заявіла, што небяспека тэрактаў з боку ІГІЛ у Германіі можна назваць «вострай». «Вельмі няпроста змагацца з нябачным супернікам», – адзначае брусельская Le Soir.

«У ІГІЛ столькі ж прычын нападаць на Захад, колькі і на Расею, бо ігілаўцы не раз сутыкаліся з заходняй зброяй. І ўсё роўна, ці лічым мы, што ІГІЛ памёр – ці ж, наадварот, адрадзіўся; на мяжы віртуальнага ІГІЛ ўсё яшчэ тут. Яго першапачаткова цяжка адсачыць і нейтралізаваць – дзесьці пасярод сацыяльных сетак, маргіналаў і самарадыкалізаваных адзіночак. Рэакцыя заходніх дзяржаў на тэракт у “Крокус Сіці Хол” яшчэ раз паказвае, наколькі цяжка знайсці агульны адказ на нешта, якое з’яўляецца ледзь адчувальным», – піша бельгійскае выданне.

***

Першапачаткова меркавалася, што ў Балгарыі зменіцца толькі прэм’ер-міністр: паводле дамоўленасці паміж чальцамі ўрадавай кааліцыі, эстафета ад ліберальнага альянсу ў складзе партый «Працягваем перамены» і Дэмакратычная Балгарыя павінна была перайсці да кансерватыўнага альянсу ў складзе партый ГЕРБ і Саюз дэмакратычных сіл. Аднак зараз фармаванне кабінета міністраў у Балгарыі цалкам правалілася. У сераду дзейны кіраўнік урада Мікалай Дзянкоў (ПП-ДБ) адмовіўся ад новай спробы фарміравання ўрада. Цяпер краіне пагражаюць шостыя парламенцкія выбары за апошнія тры гады, паколькі папулісцкай партыі «Ёсць такі народ» сфарміраваць урад не давяраюць. «Палітычная нестабільнасць, якая працягваецца, ставіць пад пагрозу і далягляд далучэння краіны да еўразоны ў 2025 годзе», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Апроч крытэраў Маастрыхцкай дамовы пры прыёме ў еўразону таксама гуляе ролю агульнае палітычнае ўражанне ад краіны-кандыдата. А Балгарыя робіць дрэннае ўражанне, нават нягледзячы на тое, што кааліцыя ў Сафіі ініцыявала шэраг важных судовых рэформаў. Другая ключавая мэта Балгарыі – поўнацэннае ўступленне ў Шэнгенскую зону, таксама знаходзіцца пад пагрозай. Калі праеўрапейскія партыі ў Сафіі працягнуць унутрыпалітычныя сваркі, то ў плане сваіх мэт адносна Шэнгена і еўразоны, Балгарыя, хутчэй за ўсё, застанецца там, дзе ёй у такім выпадку і належыць быць – за бортам», – адзначае нямецкае выданне.

***

У Партугаліі ліберальна-кансерватыўная Сацыял-дэмакратычная партыя на чале з вылучаным на пасаду прэм’ер-міністра Луішам Мантэнегру здолела дабіцца абрання свайго кандыдата кіраўніком парламента толькі ў чацвёртым туры галасавання. Правая партыя Chega, якая палепшыла свае вынікі на мінулых выбарах, таксама вылучыла свайго кандыдата – мяркуючы па ўсім, насуперак дамоўленасці – і таму Мантэнегру прыйшлося шукаць апоры ў сацыялістаў, якім народ у падтрымцы на выбарах адмовіў. У сваім артыкуле мадрыдская El País падае наступны аналіз.

«Вага партыі Chega у парламенце мяняе палітычную сітуацыю ў Партугаліі, што можа прывесці да блакіроўкі ўсёй дэмакратычнай сістэмы. Chega – гэта вынік эрозіі дэмакратыі ў краіне. Многія выбаршчыкі адмовіліся ад адказнай пазіцыі, якую яны стаічна дэманстравалі з пачатку еўракрызісу, у знак пратэсту супраць палітычнай некампетэнтнасці сістэмных партый ці ж таму, што ў праграме партыі Chega яны ўгледзелі палажэнні, якія раней не былі прадстаўлены ў палітычнай прасторы Партугаліі. Задача традыцыйных партый – знайсці падыход да гэтых выбаршчыкаў і прымірыцца з імі», – нагадвае гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя