BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не скласці зброю

Беларускі дыктатар абмеркаваў магчымую атаку на Сувалкскі калідор у Літве. Ізраільскі выбар. Трагедыя як апраўданне палітыкаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў магчымую атаку на Сувалкскі калідор — тэрыторыю Літвы і Польшчы, размешчаную паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ», – паведамляе еўрапейскае выданне The Euromaidanpress.

Фрагмент размовы Лукашэнкі з камандуючым Паўночна-Заходнім аператыўным камандаваннем Аляксандрам Навуменкам апублікаваў беларускі праўладны Telegram-канал. На відэа беларускі дыктатар у суправаджэнні белага шпіца распытвае пра шырыню Сувальскага калідора і распытвае пра яго магчымы захоп. Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі пытаецца ў ваеннага камандзіра, ці зможа ён утрымаць гэтую тэрыторыю «сваімі войскамі». Навуменка запэўнівае яго, што «ўсе дзеянні спланаваныя, прапрацоўваецца пытанне боегатоўнасці, вядзецца падрыхтоўка асабістага складу». Разрыў паміж асноўнай часткай Расеі і яе эксклавам – Сувалкскім калідорам – лічыцца вельмі верагоднай мішэнню ў выпадку патэнцыйнай вайны Расеі супраць усходніх членаў NATO. У кастрычніку 2023 года першы намеснік сакратара Савета бяспекі Беларусі Павел Муравейка ўжо прапаноўваў «прабіць калідор» у Калінінградскую вобласць Расеі, чым выклікаў абурэнне Літвы», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.

Савет Бяспекі ААН чатырнаццаццю галасамі «за» – ЗША ўстрымаліся – прыняў рэзалюцыю, якая патрабуе «неадкладнага спынення агню» ў сектары Газа. Дакумент заклікае да перамір’я на час ісламскага месяца Рамадан і вызвалення заложнікаў, захопленых радыкальнай ісламісцкай групоўкай ХАМАС. Ізраіль выказаў сваё абурэнне тэкстам дакумента, ХАМАС, у сваю чаргу, падзякаваў Савету Бяспекі, але запатрабаваў, каб у абмен на закладнікаў былі вызваленыя палестынцы, якія сядзяць у ізраільскіх турмах. «Нетаньяху гэтая рэзалюцыя не спыніць», – папярэджвае турынская La Stampa.

«Гэта – жахлівая перспектыва для без малога двух мільёнаў чалавек грамадзянскага насельніцтва ў сектары Газа, вымушаных выжываць ва ўсё больш суровых умовах, а гэта – антысанітарыя і недахоп харчавання, а таксама пастаянная пагроза загінуць у выніку баявых дзеянняў. У стратэгічным плане гэта з’яўляецца катастрофай для ізраільскага ўрада, які выйшаў на шлях сутыкнення з адміністрацыяй Байдэна. Біньямін Нетаньяху спадзяецца праскочыць. Аднак на гэты раз ён, магчыма, пралічыўся. У руках у Вашынгтона маецца дзейсны рычаг: пастаянны паток тавараў ваеннага прызначэння, у якіх вельмі мае патрэбу Ізраіль для правядзення працяглай кампаніі ў сектары Газа. Ці перакрые Байдэн гэты кран? Ці ж проста на словах асудзіць дзеянні ізраільцян? Біньямін Нетаньяху робіць стаўку на другі варыянт», – наракае італьянскае выданне.

Паводле даследавання, апублікаванага афінскай газетай To Vima, пасля сутыкнення цягнікоў у Тэмбі аўдыёзапісы катастрофы былі наўмысна сфабрыкаваныя, а затым распаўсюджаныя дзяржаўнымі СМІ, каб стварыць уражанне, быццам сутыкненне адбылося выключна па віне чалавечага фактару. У сувязі з гэтым апазіцыя ўзняла ў парламенце пытанне аб вотуме недаверу прэм’ер-міністру Міцатакісу. Галасаванне будзе праходзіць у чацвер. «Тактычна гэта вельмі неразумны ход з боку апазіцыі», – піша грэчаскі партал News247.

«Вотум недаверу» ўраду і партыі Новая дэмакратыя вынесе не парламент, а сам народ на выбарах у Еўрапарламент 9 чэрвеня. І калі ў выніку пазіцыі ўрада пахіснуцца, то тады будзе мець сэнс узняць гэтае пытанне і ў парламенце, што ў выніку зможа толькі пагоршыць становішча кабінета. Аднак тады ініцыяваць такое галасаванне будзе ўжо немагчыма, бо з моманту цяперашняга галасавання яшчэ не пройдзе ўсталяваных законам шасці месяцаў. Урады не звяргаюцца вотумамі недаверу з боку апазіцыі ў парламенце. Як правіла, урады толькі  заручаюцца гэтым самым даверам. Так што апазіцыі варта ўстрымацца ад падобных крокаў, бо яны проста бессэнсоўныя», – папярэджвае грэчаскае выданне.

The Wall Street Journal апублікаваў эксклюзіўны матэрыял пра амерыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца за кратамі ў Расеі, і намаганнях Вашынгтона па вяртанні іх на радзіму: «Гэта сумная гісторыя пра ахвяраў абставінаў і пра маральную дэградацыю былых савецкіх чэкістаў: савецкі КДБ часоў Юрыя Андропава і ягоных пераемнікаў, у якім працавалі тады яшчэ маладыя афіцэры Пуцін, Патрушаў і Бортнікаў, не адрозніваўся высокімі маральнымі прынцыпамі, але арышты замежнікаў (абменны фонд, закладнікі) усё-такі не былі для яго правілам. А вось былыя савецкія чэкісты, якія сёння кіруюць Расеяй, узялі гэты метад для ўзбраення. Сёння ў руках Масквы цэлы шэраг грамадзян заходніх краін (і іх будзе ўсё больш і больш), і далягляды іх абмену жаласныя».

Маскву ж цяпер, паводле інфармацыі WSJ, цікавіць толькі даўні знаёмы Пуціна, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Вадзім Красікаў, прысуджаны ў Нямеччыне да пажыццёвага зняволення. Часткай здзелкі па Красікаву мог стаць і нябожчык Аляксей Навальны. «Расейскі бок зыходзіць з таго, што Красікава ў выніку атрымаецца вярнуць, а вось у ЗША і іх партнёраў складаная сітуацыя: выцягваць уласных грамадзян неабходна, але цікавых для Пуціна прапаноў у іх няма. У Крамлі б лёгка вырашылі падобную “праблему”, папоўніўшы абменны фонд ужо знаёмымі метадамі. Але ў дэмакратычных краінах так, як вядома, не працуюць», – заўважае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка