BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандра Мамаева: Гэтыя крымінальныя справы ніяк не паўплываць на працу Народных Амбасадаў

Заведзеныя крымінальныя палітычна матываваныя справы на прадстаўнікоў Народных Амбасадаў ніякім чынам не паўплываюць на іх працу. А наадварот – гэта паказчык таго, што беларуская ўлада адчула сур’ёзную “канкурэнцыю” ў замежжы ў дыпламатычным накірунку, – распавяла Госця Рацыі прадстаўніца Народнай Амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева.

РР: Як вы ўспрынялі гэтую інфармцыю пра заведзеныя крымінальныя справы? Што гэтая інфармацыя значыцца для вас?

Аляксандра Мамаева: Насамрэч гэта не было нейкім сюрпрызам, таму што некаторым прадстаўнікам Народных Амбасадаў ужо паступалі і раней нейкія пагрозы. І трэба памятаць, што першую крымінальную справу супраць прадстаўнікоў Народных Амбасадаў завялі яшчэ ў 2020 годзе, на наступны дзень пасля адкрыцця, па тэлебачанні, нам паведамілі, што ёсць крыміналка. Праз паўгода была заведзеная яшчэ адна, па іншым артыкуле, за пагрозу нацыянальнай бяспецы. Потым была заведзеная яшчэ адна крыміналка за стварэнне псеўдадзяржаўных установаў. І таму гэта не было нечым нечаканым, тым больш што прызналі нашыя сацсеткі экстрэмісцкімі матэрыяламі і наш лагатып таксама. Таму ўсё было чакана, тым больш што напярэдадні выбараў ішла новая хваля рэпрэсіяў. Я думаю, для нас асабіста гэта нічога не змяняе. У нашай працы гэта таксама асабліва нічога не змяняе. Канешне, мы зрабілі паведамленне пра гэта, каб было больш бяспекі для нашых падпішчыкаў. Але трэба таксама разумець спецыфіку працы Народных Амбасадаў. Мы працуем у іншых краінах, амаль не працуем на Беларусь, акрамя інфармацыі. І жывем досыць доўга за мяжой, большасць прадстаўнікоў пераехалі яшчэ да 2020 года. Таму ў нас крыху іншая сітуацыя ў параўнанні з тымі, хто апынуўся за мяжой з апошняй хваляй эміграцыі.

РР: А як думаеце, чаго дамагаюцца ўлады? Навошта чарговая крымінальная справа? Што гэта дае?

Аляксандра Мамаева: Я думаю, адной з такіх падстаў было тое, што звольнілі некалькіх амбасадараў і не прызначылі новых. Звычайна гэта адбываецца аўтаматычна, калі звальняецца адзін, то адразу прызначаюць другога. І мы можам гэта трактаваць так, што краіны не даюць МЗСу Беларусі прызначаць новых амбасадараў, і гэтым самым паніжаючы статус краіны. Магчыма з-за гэтага было, бо з Народнымі Амбасадамі пры гэтым ёсць афіцыйныя стасункі. Мы праводзім сустрэчы, гэта ўсё публікуецца ў медыя. І магчыма гэта была такая помста. Не хочуць працаваць з беларускімі пасольствамі, а хочуць больш працаваць з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл. А навошта яны гэта робяць? Я думаю, што ў рэжыма заўсёды тры прычыны для такіх дзеянняў. Першая – гэта запалохаць. Але нас ужо няма куды. Другое – адпомсціць. І трэцяе – неяк на гэтым нажыцца. Адразу з паведамленнем пра крыміналку была інфармацыя пра тое, што знойдзены ў Беларусі нейкія 30 кватэраў прадстаўнікоў Народных Амбасадаў. То бок, мы бачым, што ёсць такое жаданне гэтыя кватэры адабраць.

Цалкам размова:

Аляксандра Мамаева падагульніла, што цяпер самы просты спосаб зкантактавацца з Народнымі Амбасадамі – гэта напісаць у адпаведнае прадстаўніцтва праз сацыяльныя сеткі.

Беларускае Радыё Рацыя