BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Белгародская вобласць і Лукашэнка

З Белгародскай вобласці Расеі плануюць эвакуяваць дзевяць тысяч дзяцей з маткамі. Тамсама ў Белгародскай вобласці ўжо тыдзень дзейнічаюць разведвальна-дыверсійныя групы расейскіх добраахвотнікаў.

Калі перыядычна сустракаю хіхіханне на адрас расейскіх добраахвотнікаў, маўляў, ды колькі іх там можа быць, ды якая з іх сіла, адна відочнасць, я задаю пытанне – а добраахвотнікі ў чым?

Яны ж не самі па сабе з ўкраінскай тэрыторыі дзейнічаюць са зброяй у руках. Таму добраахвотнасць мае значэнне ўступлення ва ўкраінскую армію.

Тое, што тэрыторыя Расеі знаходзіцца пад пастаянным абстрэлам, а часткі ўкраінскай арміі, хай сабе з нашыўкамі расейскіх добраахвотнікаў, ладзіць рэгулярныя рэйды з захопамі органаў мясцовай улады, – гэта ўжо даўно інфармацыйная будзённасць.

Пакуль дзесьці больш ці менш далёка ад Расеі баяцца ядзернай вайны, што праўда, ужо ўсё менш, сама Расея не кантралюе частку сваёй тэрыторыі.

Колькі сярод тых добраахвотнікаў маюць расейскія пашпарты, а колькі ўкраінскія ці іншых краінаў – пытанне не прынцыповае. Пры неабходнасці з пары соцень добраахвотніцкі корпус вырасце да пары тысяч.

Вайна – гэта крывавая гульня з тысячамі ўводных.

Палітычнае кіраўніцтва Украіны пакуль дэкларуе, што перамогай у вайне з Расеяй ёсць вяртанне тэрыторыяў у межах 1991 году, калі Украіна атрымала незалежнасць ад Крамля.

А сёння мы з вамі назіраем лакальную гульню пад назвай «мы тут ні пры справах». Маўляў, гэта расейскія добраахвотнікі самі па сабе, без ЗСУ.

Гэта прыблізна як беспілотнікі, якія падпальваюць нафтасховішчы ў глыбіні Расеі – «самі па сабе».

Відавочна, што перамога – гэта калі Расея больш не зможа нікому пагражаць. Так што выхад на межы 1991 году будзе тактычным поспехам. А далей па тэрыторыі Расеі могуць працаваць «русские добровольцы».

Усё сказанае мусіць разумець і Лукашэнка.

Колькі б у сеціве не абясцэньвалі Полк Кастуся Каліноўскага ў цяперашнім ягоным стане, у момант «ікс» раптам высветліцца, што байцы гэтага падраздзялення ўкраінскай арміі гавораць не толькі з беларускім акцэнтам. 

Але з пункту гледжання міжнароднага права не падкапаешся – беларусы маюць права на вызваленне сваёй тэрыторыі.

Тое, што яшчэ год таму падавалася абстрактнымі развагамі на мяжы з фантстыкай, сёння набывае вельмі рэальныя абрысы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя