BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская наведае з афіцыйным візітам Балгарыю

4–5 сакавіка беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская наведае Балгарыю з афіцыйным візітам, паведаміла прэс-служба палітыка.

Анансаваны шэраг сустрэч з балгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Мікалаем Дзенкавым, кіраўніком МЗС Марыяй Габрыэль, былым прэм’ерам, кіраўніком камітэта па справах Еўропы Нацыянальнага сходу Кірылам Пятковым, мэрам Сафіі Васілём Тэрзіевым.

Акрамя гэтага, Ціханоўская прыме ўдзел у двух мерапрыемствах – лекцыі, арганізаванай Сафійскім універсітэтам (тэма: “Супраціў беларускай апазіцыі вайне ва Украіне і рэжыму ў Беларусі”) і дыскусіі ў парламенцкім камітэце па справах Еўропы аб супрацьдзеянні дэмсіл расейскай агрэсіі і рэжыму Лукашэнкі. Чакаецца, што па выніках візіту ў парламенце Балгарыі будзе створана група “За дэмакратычную Беларусь”.

“Святлана Ціханоўская дасць інтэрв’ю вядучым балгарскім медыя і прыме ўдзел у самых папулярных у Балгарыі палітычных тэлепраграмах “Панарама” і “120 хвілін”, – паведамілі ў прэс-службе дэмлідаркі.

Гэта першы візіт Ціханоўскай у Балгарыю. Гэта дзяржава з’яўляецца чальцом Еўрапейскага звяза і НАТА. За суткі да візіту Ціханоўскай у Балгарыю, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатовасці да аднаўлення “канструктыўнага супрацоўніцтва” з Балгарыяй, “у першую чаргу ў гандлёвай і гуманітарнай сферах”. Віншуючы 3 сакавіка народ гэтай краіны з Днём вызвалення ад асманскага ярма, ён выказаў упэўненасць, што збліжэнню Менска і Сафіі будуць садзейнічаць “духоўная блізкасць, сімпатыя і павага паміж беларускім і балгарскім народамі”.

Беларускае Радыё Рацыя