BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнка заявіў, што яшчэ канчаткова не вырашаў пра ўдзел у выбарах

Аляксандр Лукашэнка вырашыў завуаляваць сваю заяву пра ўдзел у чарговых прэзідэнцкіх выбарах, якую ён зрабіў 25 лютага каля выбарчай урны.

На сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын Лукашэнка зноў загаварыў пра свой удзеле ў выбарах. Ён у чарговы раз заявіў, што “наеўся гэтай працай”, і выказаў меркаванне, што ў Беларусі можа з’явіцца чалавек, якому можна даверыць прэзідэнцтва.

Паводле прызнання Лукашэнкі, ён «разумее, што такое прэзідэнт для Беларусі пры такой уладзе», і хоць, акрамя яго самога, «людзей моцных дастаткова, але мы іх часам не бачым». Таму «лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе».

Адносна сваёй зробленай на ўчастку заявы ён патлумачыў, што гэта, маўляў, не азначае, што ён ужо прыняў рашэнне.

«Хто там задаваў пытанне «пойдзеце на выбары?» Я там, не даслухаўшы, [адказаў]: «Пайду, пайду». Гэта не значыць, што я ўжо вырашыў і прыняў рашэнне. Я проста ім хацеў сказаць: «Так, пайду. Супакойцеся вы».