BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: На жаль, выбары ў Расеі паказалі, што агрэсія Пуціна мае падтымку ў грамадстве

Госць Рацыі – намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Напачатку размовы дазволю сабе палітычную іронію. 87% у Уладзіміра Пуціна на выбарах. Вельмі «крутая падтрымка» народа.

Павел Латушка: Гэтая лічба была патрэбна Пуціну дзеля таго, каб зацэментаваць унутранае інфармацыйнае ўспрыняцце яго палітыкі, і даць знешнія сігналы міжнародным актарам, што яго падтрымлівае абсалютна ўсё расейскае грамадства ў агрэсіі супраць Украіны і ў рэпрэсіях унутры краіны. І гэта дае яму большую стабільнасць дзеля таго, каб працягваць жудасную вайну супраць Украіны і неваенную акупацыю Беларусі. Таксама ў адносінах да іншых краінаў суседзяў на постсавецкай прасторы. Бо мы бачылі, што адбывалася раней у Грузіі, якія захады робяцца ў адносінах да Арменіі. Таксама ўзнікаюць пагрозы да балтыйскіх дзяржаў. І Казахстан, я думаю, не адчувае сябе спакойна ў гэтай гісторыі. Ну і, канешне, перадусім жудасная вайна ва Украіне.

РР: Вы параўноўвалі ў сацыяльных сетках беларускую і расейскую сітуацыю. Сапраўды, калі я ў нядзелю вёў эфір на хвалях Радыё Рацыя, размаўляў з экспертамі і палітолагамі, мы спрабавалі зразумець, ці будуць нейкія пратэсты ўвечары. У Расеі іх не было. А можа быць акурат гэтыя 87% і ёсць рэальная падтрымка Уладзіміра Пуціна?

Павел Латушка: Я думаю, што ў нікога няма сумнення, што выбары былі сфальсіфікаваныя, не былі яны праведзены ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, таму што няма свабоды слова, няма канкурэнцыі. І гэта ўсё паўплывала на вынікі выбараў. Але казаць, што гэта была абсалютная фальсіфікацыя, то хутчэй не. Бо мы разумеем, на жаль, але гэта факт, што большасць расейскага грамадства падтрымлівае палітыку Пуціна. І таксама, гэта яшчэ большы жаль, падтрымлівае і агрэсію, якую ініцыяваў Пуцін супраць Украіны. Гэта тая рэальнасць, якую трэба зразумець, каб пазней разумець, а што рабіць з гэтым. Калі мы параўноўваем сітуацыю ў Беларусі 2020 года, то дзеянні беларусаў былі накіраваны на змяненне палітычнай сістэмы – дыктатуры на дэмакратыю. І ў адрозненні ад Расеі, у гэтым была задзейнічана менавіта большасць грамадзянаў. Нам фактычна ўдалося ў 2020 годзе зрабіць перакульваючыя выбары, можам так гэта акрэсліць, якія прадэманставалі практычна поўнае фіяска і палітычную паразу Лукашэнкі. А ў Расеі ў 2024 годзе выбары не мелі ўсё ж такі перакульваючы характар. Пры ўсім разуменні, што яны не могуць быць прызнаны дэмакратычнымі, бо не адпавядаюць міжнародным стандартам. У Расеі была, аднак, зладжана акцыя «Поўдзень супраць Пуціна», але яна насіла хутчэй сімвалічны характар.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.