«Беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні», —заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Сахашчык. Паводле яго слоў, улады Расеі і Беларусі спадзяюцца, што «цывілізаваны свет будзе шакаваны» такой эскалацыяй агрэсіі і «спыніць супраціў».
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/03/sachasccyk.webp)
Расея і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядзернай зброі і “нейкага бліцкрыгу на Вільню”, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык, выступаючы 24 сакавіка ў Варшаве на мітынгу, прысвечанаму Дню Волі — 106-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), піша “Позірк”.
“Я гэта дакладна ведаю”, — сказаў ён, дадаўшы, што “беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на мапах у бок Вільні”.
Паводле слоў Сахашчыка, улады Расеі і Беларусі спадзяюцца, што “цывілізаваны свет будзе шакаваны” такой эскалацыяй агрэсіі і “спыніць супраціў”.
Выкарыстанне ядзернай зброі і напад на Літву Масква і Менск плануюць праз няўдачы ў вайне з Украінай, мяркуе прадстаўнік АПК.
“Я, будучы спецыялістам вайсковым, маючы камунікацыю з калегамі ва ўсіх заходніх краінах, упэўнены на 100%: Расею чакае вялікая ваенная катастрофа. Я ўпэўнены, што расейскія і беларускія генералы добра гэта адчуваюць”, — падкрэсліў Сахашчык.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай