Аб правядзенні ў Сенаце Польшчы слуханняў па пытаннях інтэграцыі беларусаў дамовіліся саветнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька і віцэ-маршалак Верхняй палаты Польскага парламента Міхал Камінскі.
Foto: Shutterstock.com / BusinessInsider.com
Сустрэча палітыкаў прайшла 22 сакавіка на палях VII Форума Каліноўскага ў Вільні, паведамляе звязаны з Лябедзькам тэлеграм-канал “Парламенцкі канал”. Таксама дасягнуты дамоўленасці пра “візіт групы маладзёжных беларускіх лідараў у Сенат Польшчы” і “падрыхтоўку і прыняцце плана работы сенатараў — членаў дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, гаворыцца ў паведамленні.
Згодна з апублікаванымі ў лютым гэтага года звесткамі аналітычнай платформы Picodi.com, толькі за 2023 год у Польшчу пераехалі больш за 60.000 беларусаў, іх агульная колькасць за апошнія пяць гадоў вырасла ў 6,5 разоў і зараз ацэньваецца прыкладна на 310.000 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя