BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Смерць Сталіна» непазбежная

5-га сакавіка – чарговыя ўгодкі смерці ўзурпатара ўлады, дыктатара і масавага злачынцы Іосіфа Сталіна. Я адзначыў гэты дзень пераглядам брытана-французскага фільму пад назвай «Смерць Сталіна» рэжысёра Арманда Іанучы.

Фота: кадр з фільму “Смерць Сталіна”

Са Сталіным усім усё даўно зразумела. Прынамсі, тым, хто цікавіўся тэмай аднаго з самых маштабных забойцаў у гісторыі чалавецтва.

Сёння больш актуальная тэма атачэння дыктатараў, якія сыходзяць. Людзі, якія наматалі сабе на руку ўсе магчымыя ніткі ўлады, пасля сваёй смерці пакідаюць «раскіданае дыктатарскае гняздо». Гэта проста навуковы факт – пачынаецца вэрхал у атачэннях розных узроўняў. Пацучыныя баі.

Магчыма, нечакана, але я бачу наўпроставую аналогію з Румыніяй канца дыктатара Чаўшэску.

Нечакана, бо ў Румыніі 1989 году было такое жабрацтва, якое ў Беларусі, здаецца, бачылі толькі падчас Другой Сусветнай вайны, дый тое, не ва ўсіх раёнах.

Таму да паўстання рабочых далучыліся вайсковыя, якія былі такімі самымі бяспраўнымі і галоднымі.

У Беларусі я не бачу перспектываў татальнага жабрацтва і адпаведных зменаў у свядомасці вайсковых. 

Хтосьці назваў Беларускую рэвалюцыю 2020 году «буржуазнай», але беларусы даўно перайшлі стадыі падзелу грамадства часоў пачатку ХХ ст.

У нас паўстаў крэатыўны клас, то бок незалежны ад дзяржавы. А «людзі гасударавы» абралі шлях ціхага сядзення ў чаканні, чыя возьме.

Ідэйныя самастойныя супраць безыдэйных залежных.

Чаму ж усё-ткі я бачу разам смерць Сталіна, расстрэл Чаўшэску і перспектывы дыктатара Лукашэнкі, а можа нават і Пуціна?

Усе цікаўныя да найноўшай гісторыі ведаюць карцінку расстрэлу Чаўшэску і ягонай жонкі. Толькі не ўсе ў курсе, хто і чаму гэты расстрэл зрабіў.

А стралялі супрацоўнікі румынскага аналагу КГБ – Securitate ( бяспека, у перакладзе). Цалкам назва – Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі.

Разумеючы, што яшчэ крыху, і іх саміх пачнуць ліквідаваць у розныя спосабы, частка секурытаччыкаў ачоліла рэвалюцыйны рух: ліквідавала прычыну масавых хваляванняў, і фактычна сталася народнымі героямі.

Пры тым, што сваімі ж рукамі рэжым Чаўшэску і падтрымлівалі шмат гадоў.

У Румыніі адбылася штучна прыспешаная свая «смерць Сталіна». З адпаведным перакроем усіх адносінаў унутры краіны і магчымасцю будаваць штосьці новае.

Гісторыя ў розных краінах адбываецца па-свойму.

Беларусам не трэба быць пасіўнымі пачаканумі. Нам трэба рыхтавацца і мець розныя варыянты плану падзеяў.

Рыхтавацца да сваёй «смерці Сталіна».

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя