BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Літве пазбавілі ВНЖ беларуса, які выступаў супраць літоўскай мовы

Гэта важная і паказальная гісторыя. Яна і новая, і старая. Гэта гісторыя «герояў нашага часу». У інтэрв’ю для расейскамоўнай відэаблогеркі, якая прыехала ў Літву з Казахстану, беларус заявіў, што не паважае ні Літву, ні яе мову, ні яе законы, ні яе кошты.

Фармальна маем нават забаўную гісторыю з серыі мякка кажучы «дабалбатаўся».

Праз свае выказванні малады хлопец, на выгляд гадоў дваццаці з невялікім, прыцягнуў увагу Дэпратаменту міграцыі Літвы, і высветлілася, што грамадзянін Беларусі парушыў працоўнае заканадаўства, на падставе якога атрымаў від на жыхарства. Працаваў у адной фірме, а ВНЖ афармляў на іншую.

А па сутнасці бачым чарговы віток старой праблемы, якая завецца «я палітыкай не цікаўлюся».

Магчыма, маладому чалавеку ягоныя словы падаваліся крутой пазіцыяй незалежнага індывіда, магчыма тонкай іроніяй ці нават удалым сарказмам.

Паказальна, што гэта ўжо не першы выпадак, вядомы з медыяў. Адносна нядаўна ў падобным стылі ўкраінскі равеснік беларуса пасцябаўся з польскай мовы, і… быў дэпартаваны з Польшчы.

Ідзе вайна. Не толькі ва Украіне. Тэрор у Беларусі – частка вайны. Лукашэнка трымае тылы ворага Еўропы, у тым ліку Літвы – Крамля і Пуціна персанальна.

Палітычная Літва разрываецца між носьбітамі дэмакратычнага мыслення з першынством правоў чалавека і папулістамі, якія граюць на нізменных пачуццях людзей. У нашым выпадку ксенафобіі да беларусаў.

Нават калі ты «палітыкай не цікавішся», у цябе мусіць быць інстынкт самазахавання. Ты ж у Літву па грошы прыехаў, дык працуй, куды ты палез, ты ж чытаць не ўмееш, у шырокім сэнсе.

Цяпер гэты «круты» хлопец паедзе ў Беларусь, дзе кожны, хто працаваў за мяжой, ужо апрыёры падазроная асоба для рэжыму.

У Еўразвяз наўрад ці бліжэйшым часам атрымае візу, бо трапіць у адзіную базу «забаненых» візіцёраў.

Далей – болей. Гэты «герой» паліў ваду на млын беларусафобаў унутры Літвы, даў ім чарговы аргумент для ўціску палітычных бежанцаў з Беларусі. Да бежанцаў я залічаю і тых, хто з’ехаў прэвентыўна, ад пагрозы як такой, а не толькі пасля затрымання.

Усяго вышэйназванага наш малады суграмадзянін відавочна не разумеў. Я не думаю, што тут вінаваты БРСМ. У эміграцыі я бачыў падобных людзей і з Украіны, і з Расеі, думаю, што і ў Польшчы хапае.

Гаворка пра новую генерацыю «па-за палітыкай», якой свабода абмену інфармацыяй і перасоўвання па свеце дае ілюзію магчымасці жыць без грамадзянскай і проста чалавечай адказнасці.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя