BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выпрабаванне на дэмакратыю для краін Балтыі

Эстонскі ўрад адмовіўся ад ідэі пазбавіць грамадзянаў Расеі і Беларусі права галасавання на мясцовых выбарах. Гаворка пра людзей са сталым відам на жыхарства Эстоніі.

А што ж адбылося? А рэч у тым, што прынятае ў папулісцкіх мэтах рашэнне, пасля экспертызы выявілася неканстутыцыйным.

На фота: літоўская спявачка Эва Наркутэ з песняй падтрымкі беларусаў “Свабода”

Цікавы факт – у 2020 годзе ў Эстоніі быў іншы склад парламенту, і адпаведна іншы ўрад. Тады эстонцы следам за палякамі на палітычным узроўні моцна падтрымалі беларускі рэвалюцыйны рух. Нікому ў Эстоніі не трэба было тлумачыць розніцу між беларусамі і лукашыстамі.

Згадайце мэра Рыгі, які ўзняў у цэнтры латвійскай сталіцы бел-чырвона-белы сцяг.

Згадайце ланцуг салідарнасці ад Вільні да літоўска-беларускай мяжы – больш за трыццаць кіламетраў!

А я асабіста дагэтуль часам праслухоўваю песню літоўскай спявачкі Эвы Наркутэ пад назвай «Свабода», прысвечаную беларускаму памкненню вызваліцца ад ярма лукашэнкавых «людзей гасударавых».

Мінае троху часу, у балтыйскіх краінах змяняюцца ўрады, і мы бачым пераслед беларусаў паводле пашпарту. Папулісты паўсюль аднолькавыя. Гэта людзі, якія дзеля персанальнай выгады могуць падставіць і сваіх выбарцаў і сваю краіну.

Простым чалавекам кіруе страх. У простага чалавека няма часу вывучаць і аналізаваць дадзеныя па тым, што адбываецца па-за даляглядам простых інтарэсаў, звязаных з выжываннем і адпачынкам ад выжывання.

Просты чалавек не разумее, што хоць і не ўсе, але большасць прыехалых у ягоную краіну беларусаў – не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

А яшчэ просты чалавек не разумее, што парушаючы канстытуцыю сваёй краіны, ён падстаўляецца пад вылет з Еўразвязу.

Колішні галава Камуністычнай партыі Літоўскай ССР, які пазней стаўся адным з першых прэзідэнтаў незалежнай Літвы, Альгірдас Бразаўскас калісьці тлумачыў: «У нас у Літве так – ты спачатку літовец, а пасля ўжо камуніст ці хтосьці іншы».

Цытую па памяці, але сёння фразу можна трансфармаваць так – «я спачатку літовец, а пасля ўжо дэмакрат, еўрапеец ці хтосьці іншы».

У краінах Балтыі баяцца наплыву не мясцовых, бо асцерагаюцца паўтарэння наплыву перасяленцаў у часы СССР.

Усё зразумела, але без выканання законаў не бывае ні дэмакратыі, ні Еўропы як цывілізацыі. А без Еўропы невялікія па памерах і насельніцтве краіны Балтыі не выжывуць, маючы ў суседзях Крамлёўскую імперыю.

Роўны для ўсіх Закон – аснова дэмакратычнай Еўропы.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя