36 праваабарончых арганізацый свету запатрабавалі вызвалення палітзняволеных «вясноўцаў». Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай Абсерваторыяй па абароне праваабаронцаў (FIDH/OMCT) у гадавіну вынясення прысудаў чальцам праваабарончага цэнтра.
Калегі беларускіх праваабаронцаў выказаліся з гэтай нагоды. Сярод іх – Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт:
-Праваабарончая супольнасць страчвае незаменных лідараў і актывістаў, якія адыгрывалі адну з ключавых роляў у абароне правоў чалавека і падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Пакуль яны знаходзяцца за кратамі, мы сустракаемся з узрастаючым ціскам на незалежныя арганізацыі, татальным узмацненнем жорсткасці, абмежаваннем на правы і свабоды. Гэта таксама сігналізуе пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, што робіць працу праваабаронцаў не толькі больш складанай і небяспечнай, але яшчэ і больш важнай і значнай.
Нагадаем, год таму лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт міжнароднай федэрацыі Валянцін Стэфановіч і юрыст “Вясны” Уладзімір Лабковіч былі прысуджаны да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Праваабаронца Зьміцер Салаўёў асуджаны завочна. Яму прызначана 8 гадоў калоніі.
Арганізацыі-падпісанты патрабуюць іх «неадкладнага і безумоўнага вызвалення і заклікаюць міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе дыпламатычныя, палітычныя і іншыя сродкі, каб заклікаць улады Беларусі выконваць вяршэнства закона і вызваліць усіх асуджаных па палітычна матываваных абвінавачаннях».
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя