BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Радзіёнаў пакінуў кваліфікацыйны турнір па боксе

У італьянскім Буста-Арсіцыа працягваецца міжнародны кваліфікацыйны турнір на Алімпійскія гульні “Дарога бокса ў Парыж”. Напярэдадні вечарам паядынак 1/32 фіналу ў вагавай катэгорыі да 71 кг у мужчын правёў беларус Аляксандр Радзіёнаў, супернікам якога быў амерыканец Амары Джонс. На жаль, першы ж бой апынуўся для беларуса апошнім — прадстаўнік ЗША перамог адзінагалосным рашэннем суддзяў.

Удзел у турніры працягвае яшчэ адзін наш спартовец Аляксей Алфёраў, які выступае ў вазе да 80 кг. Беларусу будзе супрацьстаяць Кевін Шуман з Германіі. Паядынак адбудзецца ў ранішняй праграме 8 сакавіка.

Яўген Бярозкін забіў два галы “Кайсару” ў Казахстане

У чэмпіянаце гэтай краіны пачаўся другі тур. “Кайсар” на хатняй арэне саступіў “Кызыл-жару” — 0:3. Найлепшым гульцом гэтага матча стаў беларускі паўабаронца Яўген Бярозкін. Беларускі футбаліст забіў у браму суперніка два мячы. Ён вызначыўся на 16-й і 80-й хвілінах. Бярозкін адкрыў лік і паставіў у матчы кропку.

Былы гулец БАТЭ падпісаў пагадненне з «Нёманам»

21-гадовы абаронца Аляксей Шалашнікаў падпісаў двухгадовы кантракт з гарадзенскім “Нёманам”, паведамляе прэс-служба клуба. Адзначаецца, што да “жоўта-зялёных” гулец далучыўся ў якасці вольнага агента.

Аляксей з’яўляецца выхаванцам гарадзенскай школы “Белкард”, адкуль пазней перайшоў у футбольную Акадэмію АБФФ. Пасля завяршэння навучання ў акадэміі ў 2019 годзе перайшоў у БАТЭ, дзе выступаў толькі за дублюючы склад. У лютым 2021 года быў аддадзены ў арэнду ў “Іслач”, у складзе якой дэбютаваў у вышэйшай лізе. У далейшым працягваў з’яўляцца ў стартавым складзе, згуляўшы за “ваўкоў” 15 матчаў у чэмпіянаце.
Выступаў за зборныя Беларусі розных узростаў. У сакавіку 2022 года на правах арэнды з БАТЭ перайшоў у “Нёман”. У сезоне-2022 правёў за клуб 10 матчаў у чэмпіянаце і 1 – у Кубку краіны. Пасля заканчэння пагаднення вярнуўся ў БАТЭ, аднак у пачатку наступнага сезона зноў адправіўся ў арэнду, у Мазыр. За «Славію» Аляксей дэбютаваў у кубкавым матчы супраць «Слуцку». З-за траўмы ў мінулым сезоне ён правёў за асноўную каманду мазырчукоў усяго два матчы.
У ліпені мінулага года абаронца вярнуўся ў склад барысаўчан, але да канца сезона не правёў за «жоўта-сініх» ніводнага матча. У студзені футбаліст стаў рыхтавацца да сезона з асноўнай камандай БАТЭ, аднак пасля збору ў Гародні па пагадненні бакоў скасаваў з барысаўчанамі кантракт і пакінуў трэніровачны лагер каманды. Шалашнікаў застаўся ў родным горадзе і далучыўся да трэніровак “жоўта-зялёных”. У пачатку сакавіка ён афіцыйна стаў гульцом “Нёмана”.

„Манчэстэр Сіці” — “Капенгаген”, „Рэал” – «Лейпцыг»

Увечары “Манчэстэр Сіці” спадзяецца пацвердзіць свой выхад у чвэрцьфінал Лігі Чэмпіёнаў, згуляўшы матч у адказ 1/8 фіналу супраць “Капенгагена”. Тры тыдні таму “Сіці” адсвяткаваў дастаткова ўпэўненую перамогу ў Даніі з лікам 1:3 дзякуючы Кевіну Дэ Бруйнэ, які забіў гол і аддаў дзве выніковыя перадачы. Да матча ў адказ “Сіці” падыходзіць на фоне валявой перамогі 3:1 над суседзямі з “Манчэстэр Юнайтэд” у рамках Прэм’ер-Лігі. “Капенгаген”, наадварот, у мінулы ўікэнд быў біты “Мідцюландам” з лікам 2:0.
На «Санцьяга Бернабэу» «Рэал» згуляе супраць «РБ Лейпцыг». Тыдзень таму ў Нямеччыне было няпроста, але ў выніку сэйвы Луніна і гол Дыяса прынеслі мінімальную перамогу гасцям.

Хакеісты мінскага “Дынама” правядуць першы хатнім матч у бягучым плэй-оф

Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць першы хатні паядынак у чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі Кантынентальнай хакейнай лігі.
На гэты момант у серыі да чатырох перамог паміж менскім і маскоўскім “Дынама” наперадзе супернік – 2:0. Усяго ў гэтым сезоне з улікам рэгулярнага чэмпіянату менскае і маскоўскае “Дынама” гулялі паміж сабой шэсць разоў, і пасля кожнага з гэтых матчаў пераможцамі з лёду сыходзілі падначаленыя Аляксея Кудашова. Трэцяя гульня ў дынамаўскім супрацьстаянні стартуе на “Мінск-Арэне” ў 19.30.

Беларускае Радыё Рацыя