BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускія футбалісткі выйгралі другі матч у кваліфікацыі юніёрскага ЧЕ

Футбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі (U-17) святкавалі другую перамогу ў другім адборавым раундзе першынства Еўропы. У чарнагорскім горадзе Бар беларускі сустракаліся з аднагодкамі з Літвы і выйгралі 3:0.

Фота: vk.com/belarusff

Ужо на 6-й хвіліне Паліна Барэйка адкрыла лік, а праз паўгадзіны Дар’я Пратасюк забіла другі гол. Пасля перапынку Анастасія Кавалёва ўсталявала канчатковы лік. У першым туры беларускія футбалісткі разграмілі каманду Андоры з сухім лікам 5:0. У заключным паядынку кваліфікацыйнай групы В1 падначаленыя Марыны Ліс 17 сакавіка сустрэнуцца са зборнай Чарнагорыі. Пераможцы шасці груп лігі В падымуцца ў лігу А.

Ягор Мычэлкін стаў гульцом «Гомеля»

Паўабаронца Ягор Мычэлкін перайшоў у «Гомель» з жодзінскага «Тарпеда»-БелАЗа на правах арэнды. Тэрмін дзеяння пагаднення 21-гадовага хаўбека разлічаны да канца сезона.
«Ягор – выхаванец школы футбольнага клуба «Менск». У 2020 годзе перабраўся ў структуру жодзінскага «Тарпеда»-БелАЗ, дзе пачаў гуляць за дублюючы склад «аўтазаводцаў». Далей у кар’еры Мычэлкіна значыўся выступ за дзяржынскі «Арсенал».

У сярэдзіне 2022 года вярнуўся ў стан “Тарпеда-БелАЗ” і адразу ж правёў дэбютны матч за аснову жодзінскага клуба. Усяго за «Тарпеда»-БелАЗ Ягор згуляў 31 афіцыйны матч, забіў адзін мяч і аддаў дзве галявыя перадачы. У складзе «аўтазаводцаў» станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі-2023, а таксама ўладальнікам Кубка Беларусі сезона-2022/23.

Прыбытак АБФФ у 2024 годзе запланаваны на 12 мільёнаў долараў

У Доме футбола прайшла штогадовая канферэнцыя АБФФ. На ёй быў прыняты бюджэт АБФФ на 2024 год. Згодна з ім, расходная частка плануецца ў памеры 39 мільёнаў 300 тысяч рублёў (ці 12 мільёнаў 167 тысяч даляраў), прыбытковая – 39 мільёнаў 900 тысяч рублёў (ці 12 мільёнаў 300 тысяч даляраў), паведамляе Tribuna.com.

Марка Матыяшэвіч працягне гуляць за БГК

“Мяшкоў Брэст” захоўвае касцяк цяперашняга складу. Чарговым гульцом, які падпісаў новую дамову з клубам, стаў плэймэйкер Марка Маціяшэвіч. Славенец далучыўся да каманды пасля пачатку сезона-2022/23 і адразу быў актыўна задзейнічаны трэнерскім штабам. “За паўтара года паўдзельнічаў у 58 матчах і закінуў 142 мячы. Стаў чэмпіёнам Беларусі, уладальнікам Суперкубка і пераможцам SEHA -лігі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы берасцейскага клуба.

Аляксей Протас траўмаваўся і не згуляў у матчы з «Эдмантанам»

Беларускі форвард “Вашынгтона” Аляксей Протас  траўмаваўся  і з-за гэтага прапусціў матч супраць “Эдмантана”. Сустрэча завяршылася буйной гасцявой паразай “Вашынгтона” з лікам 2:7. Тэрміны вяртання ў склад нападніка зборнай Беларусі пакуль невядомыя, зазначае belarushockey.com. У гэтым сезоне Аляксей у 62 матчах набраў 28 (5+23) балаў, пры паказчыку карыснасці “-3” і 6 хвілінах штрафу.

Лука Дончыч паўтарыў рэкорд Майкла Джордана і Оскара Роберцана

Абаронца «Далас Маверыкс» Лука Дончыч стаў трэцім гульцом у гісторыі з сям’ю трыпл-дабламі запар з больш як 20 ачкамі. У матчы з «Голдэн Стэйт Уорыёрз» ён перапыніў гэтую серыю, бо быў вымушаны пакінуць пляцоўку за 6 хвілін 46 секунд да канца матчу з-за непрыемных адчуванняў у падкаленным сухажыллі. Раней дамагчыся такога выніку ўдавалася Оскару Роберцану ў 1961 годзе і Майклу Джордану ў 1989-м. У іх актыве таксама было па сем трыпл-даблаў. Мінулым вечарам каманда Дончыча перамагла «Стэйт Уорыёрз» з лікам 109:99. Разыгрываючы набраў 21 ачко, зрабіў тры падборы і дзевяць перадач. Пасля 66 матчаў “Далас” займае восьмае месца ў Заходняй канферэнцыі, маючы ў актыве 38 перамог і 28 паразаў.

Беларускае Радыё Рацыя