BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Шахцёра” выйшлі наперад у паўфінале супраць “Брэста”


У Салігорску стартавала паўфінальная серыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж “Шахцёрам” і “Брэстам”.

У стартавым перыядзе першай гульні паўфіналу больш актыўна выглядалі гаспадары, якія атрымалі мінімальную перавагу, дзякуючы закінутай шайбе Данііла Лоя. Аднак у наступным перыядзе “Брэст” даў зразумець, што ярлык аўтсайдара ў гэтай пары замацоўваць за клубам рана. Галоўным героем другога гульнявога адрэзка стаў форвард паўднёўцаў Яраслаў Косаў, які спачатку аформіў дубль, а затым асіставаў Валерыю Жыгалаву. Адказаць на такі спрыт гасцей “Шахцёр” змог толькі голам Міхаіла Шалагіна – 2:3.

На старце трэцяга перыяду Сяргей Маляўка пры гульні ў меншасці павялічыў адрыў “Брэста” да дзвюх шайбаў, але пасля гэтай галявой атакі “зубры” ўсё ж “падселі”. За дваццаць хвілін падначаленыя Сяргея Пушкова зрабілі ўсяго два кідкі, у той час як гульцы “Шахцёра” – 14, два з якіх сталіся дакладнымі. Свае прозвішчы на табло запісалі Дзяніс Яркін і Арцём Дзямкоў. Зыход сустрэчы вырашыўся ў авертайме, дзе перамогу “гарнякам” з лікам 5:4 прынёс Данііл Лой.
Другі матч супрацьстаяння “Шахцёра” і “Брэста” адбудзецца заўтра таксама ў Салігорску.

Свёнтэк услед за Сабаленкай прайграла на турніры WTA у Маямі

Першая ракетка свету полька Іга Свёнтэк завяршыла выступы на турніры WTA-1000 у амерыканскім Маямі. Мінулай ноччу ў паядынку за выхад у чвэрцьфінал Свёнтэк нечакана саступіла расейскай тэнісістцы Кацярыне Аляксандравай, якая займае 16-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 4:6, 2:6. Раней турнір пакінула другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка, якая ў 1/16 фіналу прайграла ўкраінскай тэнісістцы Ангеліне Калінінай. Такім чынам, з першай дзясяткі рэйтынгу WTA барацьбу за выхад у паўфінальную стадыю працягнуць тры спартоўкі: чацвёртая ракетка свету Алена Рыбакіна з Казахстана згуляе з грачанкай Марыяй Сакары (9-ым нумарам сусветнага рэйтынгу), амерыканка Джэсіка Пегула, у якой пятая пазіцыя, сустрэнецца з Кацярынай Аляксандравай. Акрамя таго, трохразовая чэмпіёнка гэтых спаборніцтваў беларуска Вікторыя Азаранка будзе супернічаць з казахстанскай тэнісісткай Юліяй Пуцінцавай.

Футбалісты зборнай Беларусі згуляюць з мальтыйцамі ў таварыскім матчы

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць другі кантрольны паядынак у новым сезоне. На полі Нацыянальнага стадыёна “Та Калі” беларусы сустрэнуцца з камандай Мальты. Гэтую сустрэчу будзе судзіць славацкая брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Марцін Дохал. Раней зборныя Беларусі і Мальты сустракаліся тры разы: двойчы выйгралі беларускія футбалісты і адзін раз была зафіксавана нічыя. Цяпер Беларусь займае 95-е месца ў рэйтынгу ФІФА, Мальта на 172-й пазіцыі. На мінулым тыдні беларускія падначаленыя іспанскага трэнера Карласа Алоса Ферэра ў турэцкай Анталіі прайгралі чарнагорцам – 0:2, а мальтыйцы разышліся мірам са славенцамі – 2:2.

У Тбілісі, Кардыфе і Уроцлаве вызначацца апошнія ўдзельнікі Еўра-2024

Сёння стануць вядомы апошнія ўдзельнікі фінальнай стадыі футбольнага чэмпіянату Еўропы.
У Кардыфе футбалісты Уэльса сустрэнуцца са зборнай Польшчы. У паўфінале абедзве каманды святкавалі буйныя вікторыі: палякі разграмілі ў Варшаве эстонцаў 5:1, а Уэльс таксама быў мацней за фінскіх футбалістаў 4:1.

Футбалісты зборнай Грузіі прымуць у Тбілісі чэмпіёна кантынента 2004 года каманду Грэцыі. Грузінская дружына можа ўпершыню прабіцца ў лік удзельнікаў топ-турніру. У паўфінале грузіны перамаглі люксембуржцаў 2:0, а грэкі таксама на сваёй арэне разграмілі казахстанскую каманду 5:0. Таксама сёння зборная Украіны, якая адолела на выездзе каманду Босніі і Герцагавіны 2:1, згуляе ў польскім Уроцлаве з ісляндцамі, якія перамаглі ізраільцян 4:1. Фінальны этап 17-га чэмпіянату Еўропы пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня на футбольных арэнах Германіі.

Беларускае Радыё Рацыя