BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Гомель» абыграў «Металург» і параўняў лік ў паўфінальнай серыі

У гомельскім Лядовым палацы адбыўся другі паядынак у паўфінальнай серыі беларускай хакейнай экстралігі паміж хакеістамі «Гомеля» і «Металурга». Стартавы матч «палескага дэрбі» ў паўфінале сезона быў згуляны 26 сакавіка ў Гомелі, тады лідарства ў серыі да чатырох перамог захапілі жлабінчане, выйграўшы з лікам 3:0. Не жадаючы трываць другую хатнюю паразу запар «рысі» правялі ўдарны ў плане статыстыкі першы перыяд, але закінулі толькі адну шайбу – яе аўтарам у большасці стаў Павел Воранаў. У наступным перыядзе небяспечней выглядалі ўжо жлабінчане. Падначаленым Дзмітрыя Краўчанкі таксама ўдалося аднойчы закінуць, але гол не быў залічаны з-за таго, што шайба ўляцела ў брамку ад рукі нападніка. Закінуць па правілах у заключным гульнявым адрэзку «сталёвыя ваўкі» таксама не змаглі, у выніку мінімальная вікторыя гаспадароў лёду, якія зраўнялі лік у пары – 1:1. Далей каманды пераедуць у Жлобін, дзе правядуць два матчы 30 сакавіка і 1 красавіка.

Гандбалісткі «Гомеля» і «БНТУ-БелАЗа» выйшлі ў фінал Кубка Беларусі

У Берасці вызначыліся фіналісткі 27-га розыгрышу Кубка Беларусі па гандболе сярод жаночых каманд. У першым паўфінале сёлетнія ўладальніцы Кубка краіны гандбалісткі «Гомеля» перайгралі гарадзенскую «Гараднічанку» з лікам 30:24. У другім матчы за выхад у фінал «БНТУ-БелАЗ» разграміў берасцейскі клуб «Вікторыя-Бярэсце» з перавагай у 10 мячоў – 33:23. Такім чынам, на паркеце спарткомплексу «Вікторыя» ў вырашальным паядынку «БНТУ-БелАЗ» сустрэнецца з «Гомелем». Год таму ў фінале гамяльчанкі адолелі мянчанак з лікам 31:29. У матчы за бронзавыя ўзнагароды цяперашняга кубкавага розыгрышу «Вікторыя-Бярэсце» паспрачаецца з «Гараднічанкай».

Вайлупаў дапамог «Веспрэму» перамагчы «Пік» у плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

Беларус Мікіта Вайлупаў дапамог гандбалістам «Веспрэма» абыграць «Пік» у венгерскім дэрбі 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Сустрэча ў Сегедзе прайшла з перавагай гасцей: «Веспрэм» дамінаваў увесь гульнявы час і ні разу не дазволіў «Піку» выйсці наперад – 37:30 на карысць «Веспрэма». Мікіта Вайлупаў быў адным з лідэраў каманды, закінуўшы 7 мячоў. Цяпер на яго рахунку 41 гол. У Плоцку польская «Вісла», за якую выступае Кірыл Самойла, прайграла французскаму клубу «Пары Сэн-Жэрмэн» 26:30. У гэтых супрацьстаяннях паядынкі ў адказ за трапленне ў чвэрцьфінал адбудуцца 4 красавіка. Раней польскі «Кельцэ» перайграў у гасцях дацкі «Гудме» з перавагай у 8 мячоў – 33:25. У актыве беларускага лінейнага польскага клуба Арцёма Каролька адзін гол, а ўсяго ў гэтым сезоне чэмпіёнскай Лігі ён вызначыўся 21 раз.

Азаранка саступіла Рыбакінай у Маямі

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла прабіцца ў фінал турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 8 мільёнаў 700 тысяч даляраў. У паўфінальным паядынку Азаранка, якая займае зараз 32-е месца ў сусветным рэйтынгу, ва ўпартай барацьбе саступіла чацвёртай ракетцы планеты Алене Рыбакінай з Казахстана – 4:6, 6:0, 6:7. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 33 хвіліны. У вырашальным паядынку суперніцай Рыбакінай будзе 53-і нумар рэйтынгу WTA амерыканка Даніэль Колінз.

«Баварыя» заплаціць Тухелю гадавы заробак за датэрміновае скасаванне кантракту

Галоўны трэнер «Баварыі» Томас Тухель атрымае кампенсацыю за датэрміновае скасаванне кантракту, паведамляе FCBInside са спасылкай на Bild. Спецыяліст пакіне каманду ў канцы сезона, як ужо было абвешчана, хаця здзелка была разлічана яшчэ на год. Указана, што Тухель атрымае свой гадавы заробак як кампенсацыю. Раней паведамлялася, што ён атрымлівае ў «Баварыі» 10-12 мільёнаў еўра за год. Пры гэтым застанецца без бонусаў, якія мог бы зарабіць.

Беларускае Радыё Рацыя