BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча перамагае Уэльс і едзе на чэмпіянат Еўропы

Зборная Польшчы едзе на чэмпіянат Еўропы ў Нямеччыне. Нягледзячы на ​​тое, што ў асноўны і дададзены час футбалісты Міхала Пробежа згулялі ўнічыю з Уэльсам, у серыі пенальці яны выйгралі з лікам 5:4. Войцех Шчэнсны зноў стаў героем бела-чырвоных адбіўшы апошні пенальці ў выканні Дэвіса. На чэмпіянаце Еўропы палякі згуляюць у адной групе з Нідэрландамі, Францыяй і Аўстрыяй. Украіна паедзе на чацвёртае Еўра запар. Украінцы дамагліся валявой перамог над Ісландыяй 2:1 дзякуючы галам Віктара Цыганкова і Міхаіла Мудрыка. Згодна з ранейшым лёсаваннем, на групавой стадыі турніру “сіне-жоўтыя” згуляюць у групе “E” з Бельгіяй, Славакіяй і Румыніяй. Упершыню ў гісторыі прабіліся ў фінальны этап чэмпіянату Еўропы футбалісты зборнай Грузіі. У Тбілісі ў вырашальным паядынку кваліфікацыі грузінская каманда адолела грэкаў у серыі пасляматчавых пенальці. У асноўны і дадатковы час забітых мячоў не было, а ў пенальці лепш прабілі гаспадары – 4:2. Такім чынам, зборная Грузіі на папярэднім этапе фінальнага турніру кантынентальнага чэмпіянату згуляе ў групе F разам з камандамі Чэхіі, Партугаліі і Турцыі.

Беларускія футбалісты згулялі ўнічыю з мальтыйцамі ў гасцявым спарынгу

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі згулялі ўнічыю ў гасцях у каманды Мальты. У першай палове сустрэчы больш атакавалі мальтыйцы, якія стварылі некалькі небяспечных момантаў, але галкіпер Сяргей Ігнатовіч адбіў усе пагрозы. Пасля перапынку гульня праходзіла па тым жа сцэнары, але вострых нападаў амаль не было. У выніку безгалявая нічыя – 0:0. Гэта быў чацвёрты паядынак зборных Беларусі і Мальты і другая нічыя, яшчэ два матчы выйгралі беларусы. Наступныя кантрольныя сустрэчы зборная Беларусі правядзе ў чэрвені, а ў верасні стартуе ў чарговым сезоне Лігі нацый УЕФА.

Беларусы не трапілі ў фінал юнацкага чэмпіянату Еўропы па футболе

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-17) паразай завяршылі выступы ў элітным раундзе чэмпіянату Еўропы ў баснійскім горадзе Біеліна. У заключным паядынку 8-й кваліфікацыйнай групы беларусы прайгралі гаспадару спаборніцтваў камандзе Босніі і Герцагавіны з лікам 1:3. На 7-й хвіліне Станіслаў Казмерчук вывеў нашу каманду наперад, аднак утрымаць перамогу ў выніку не ўдалося. У пачатку другой паловы сустрэчы Іван Кралевіч аднавіў раўнавагу, на зыходзе гадзіны гульнявога часу Керым Алайбегавіч з пенальці забіў другі мяч, а незадоўга да фінальнага свістка ён жа ўсталяваў канчатковы лік. На старце турніру падначаленыя Дзмітрыя Караткевіча саступілі чэшскім аднагодкам 0:1, а потым адолелі палякаў 1:0.

Хакеісты “Металурга” абыгралі “Гомель” і павялі ў паўфінальнай серыі

У гомельскім Лядовым палацы стартавала другая паўфінальная серыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі паміж хакеістамі “Гомеля” і “Металурга”. Стартавы перыяд дэбютнай гульні праходзіў пад татальным кантролем гамяльчан: падначаленыя Сяргея Стася перакідалі суперніка практычна ўтрая, аднак прабіць Сяргея Бальшакова не змаглі. У другой трэці гульня выраўнялася, але нулі на табло захаваліся. Першы ў гэтым матчы гол гледачы ўбачылі толькі на 51-й хвіліне сустрэчы – гаспадароў засмуціў форвард “Металурга” Арцём Анціпаў. У канцоўцы трэнерскі штаб “Гомеля” замяніў галкіпера на шостага палявога гульца, але замест пераводу сустрэчы ў авертайм “рысі” атрымалі адразу дзве шайбы ў пустую брамку ад Віталя Пінчука, які далучыўся да “ваўкоў” пасля сезона ў менскім “Дынама”. Такім чынам, 3:0, “Металург” пачынае супрацьстаянне з важнага гасцявога поспеху.

Галкіпер “Дынама” Коласаў працягне кар’еру ў сістэме “Філадэльфіі”

Беларускі галкіпер Аляксей Коласаў пакідае размяшчэнне менскага “Дынама”. 22-гадовы брамнік працягне кар’еру ў сістэме “Філадэльфіі Флаерз”, якая выбрала Коласава ў трэцім раундзе драфта НХЛ 2021 года. У рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі Аляксей правёў за менскае “Дынама” 47 матчаў пры 90,7 працэнта адбітых кідкоў і каэфіцыенце надзейнасці 2,39. Акрамя таго, Коласаў згуляў чатыры матчы “на нуль”, што з’яўляецца восьмым паказчыкам у лізе. У плэй-оф Коласаў згуляў шэсць паядынкаў, адбіўшы 92,5% кідкоў, у сярэднім прапускаючы дзве шайбы за матч. Па выніках сезона Аляксей быў прызнаны лепшым брамнікам “Дынама”, а таксама атрымаў узнагароду самага каштоўнага гульца каманды.

Беларускае Радыё Рацыя