BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шаранговіч аформіў дубль і аддаў дзве галявыя перадачы ў матчы НХЛ

Беларускі нападнік “Калгары” Ягор Шаранговіч правёў найлепшы ў кар’еры матч у Нацыянальнай хакейнай лізе. У ноч на пятніцу па менскім часе клуб беларуса “Калгары” гасцяваў у “Тампы-Бэй Лайтнінг”. Шаранговіч прыняў удзел у трох першых галах сваёй каманды: у сярэдзіне стартавай трэці Ягор асіставаў Драйдэну Ханту, а ў пачатку другога перыяду аформіў дубль за дзве хвіліны. У заключным гульнявым адрэзку беларускі хакеіст таксама аддаў галявы пас Блэйку Колману, набраўшы тым самым чатыры балы (2+2). Гэты паядынак апынуўся для Ягора самым выніковым у кар’еры ў НХЛ. “Агеньчыкі” ў выніку святкавалі перамогу з лікам 6:3. “Калгары” атрымаў шэсць перамог у сямі апошніх матчах, але для зоны плэй-оф гэтага пакуль не хапае: “Флэймз” ідуць на Захадзе дзевятымі, адстаючы ад васьмёркі на шэсць пунктаў.

Самойла дапамог гандбалістам “Віслы” выйсці ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў

Пасля заключных паядынкаў групавога этапа вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф мужчынскай гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. У групе В у вырашальным паядынку за выхад у плэй-оф польская “Вісла” з беларусам Кірылам Самойлам у складзе адолела ў Плоцку партугальскі “Порту” з мінімальнай перавагай – 29:28. Беларускі левы крайні польскай дружыны ў гэтай сустрэчы мячоў не закінуў, а ў папярэдніх матчах ён адзначыўся пяць разоў. Венгерскі “Веспрэм” саступіў на сваёй арэне дзеючаму трыумфатару чэмпіёнскай Лігі – нямецкаму “Магдэбургу” – 28:30. Беларускі правы крайні венгерскага клуба Мікіта Вайлупаў вызначыўся адзін раз, а ўсяго ў яго актыве 33 галы.

ВРЗ перапыніў пераможную серыю “Вітэна” і выйшаў на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ перапыніў пераможную серыю аршанскага “Вітэна” і выйшаў на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе. У Оршы гамяльчане прапусцілі ўжо на 1-й хвіліне гульні, але потым поўнасцю захапілі ініцыятыву і ў выніку выйгралі 8:2. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіў Дзмітрый Лось. У „Вітэна” адзін раз вызначыўся лепшы бамбардзір цяперашняга першынства Уладзімір Разуванаў, у якога зараз 26 забітых мячоў. Да гэтага спартоўцы “Вітэна” перамагалі ў 14 сустрэчах запар.

Амерыканка Долхайд стала суперніцай Азаранкі ў 1/32 фіналу турніру у Індыян-Уэлсе

На турніры катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам 9 мільёнаў 200 тысяч даляраў прайшлі стартавыя паядынкі адзіночнага разраду. Амерыканская тэнісістка 51-ы нумар сусветнага рэйтынгу Каралін Далхайд абыграла прадстаўніцу Іспаніі Крысціну Бучу – 6:2, 6:0, і ў 1/32 фіналу сустрэнецца з двухразовай пераможцай гэтых спаборніцтваў беларускай Вікторыяй Азаранкай. Азаранка выйгравала турнір у Індыян-Уэлсе ў 2012 і 2016 гадах, а ў 2021 годзе саступіла ў фінале іспанскай тэнісістцы Паўле Бадосе. Суперніца другой ракеткі планеты Арыны Сабаленка вызначыцца пасля сустрэчы амерыканкі Пэйтан Стэрнс і італьянкі Элізабэты Качарэта. У фінальным паядынку мінулага года Сабаленка саступіла Алене Рыбакінай з Казахстана. Спаборніцтвы ў Індыян-Уэлсе завершацца 17 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя