BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Тарпеда-БелАЗ” згуляе з “Іслаччу”, менскае “Дынама” – з “Нёманам” у 1/2 фіналу Кубка Беларусі

У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне паўфінальных пар розыгрышу Кубка Беларусі. Цяперашнія ўладальнікі трафея футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа” ў барацьбе за выхад у фінал згуляюць з “Іслаччу” з Менскага раёна. У другой паўфінальнай пары сыдуцца чэмпіён Беларусі менскае “Дынама” і срэбраны прызёр гарадзенскі “Нёман”. Першыя паўфінальныя сустрэчы пройдуць 16 і 17 красавіка, паядынкі ў адказ адбудуцца 7 і 8 траўня. Фінальны матч 33-га кубкавага турніру запланавана правесці 25 траўня на полі жодзінскага стадыёна “Тарпеда”. У вырашальным паядынку мінулага сезона “Тарпеда-БелАЗ” перамог барысаўскі БАТЭ з лікам 2:0 і другі раз выйграў Кубак краіны. Больш за ўсіх ім валодалі футбалісты БАТЭ – 5 разоў.

“Сталіца” разграміла “Дарожнік” у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы “Сталіцы” разграмілі менскі “Дарожнік” у апошнім паядынку 18-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Чэмпіёны краіны перамаглі з сухім лікам 5:0. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў Максім Осіпаў. Раней у цэнтральным паядынку гэтага тура гомельскі ВРЗ упэўнена перайграў у Оршы мясцовы “Вітэн” з лікам 8:2 і выйшаў на першае месца. Да гэтага аршанцы святкавалі 14 вікторый запар. У астатніх сустрэчах “Барысаў-900” разграміў светлагорскі ЦКК – 6:2, берасцейскі “Меркурый-ДМК” саступіў гарадзенскаму “УУС-Дынама” – 4:6, гомельскі БЧ прайграў сталічнаму “Ахова-Дынама” – 3:5, яшчэ дзве сталічныя каманды “Мінск” і “Дынама-БНТУ” згулялі ўнічыю 3:3.

Футбалісткі “Мінска” сёмы раз заваявалі Суперкубак Беларусі

Футбалісткі “Мінска” сёмы раз сталі ўладальніцамі Суперкубка Беларусі сярод жаночых каманд. У матчы за першы трафей новага сезона падначаленыя Андрэя Пышніка адолелі на сваім полі чэмпіёнак краіны футбалістак “Дынама-БДУФК” 1:0. На 26-й хвіліне пасля падачы кутавога памылкай брамніка Кацярыны Кавальчук скарысталася Ульяна Асаула. Для “Мінска” гэта першая за доўгія гады перамога над “Дынама-БДУФК” ва ўсіх турнірах і першы трафей з 2020 года, калі яны таксама ўзялі Суперкубак.

“Гродна-93” выйшаў у лідары мужчынскага чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты “Гродна-93” перамаглі “Барысфен” і выйшлі на першае месца ў турнірнай табліцы мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Паядынак двух галоўных фаварытаў рэгулярнага сезона на пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу “Алімпіец” прайшоў з перавагай гасцей. Толькі на пачатку гульні гаспадары выходзілі наперад, а потым дамінавалі госці, якія выйгралі 78:67. Пасля гэтай перамогі падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна набралі 47 ачкоў, у магіляўчан на адзін бал менш.

Шаранговіч падоўжыў галявую серыю ў НХЛ да трох матчаў

Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч правёў чарговы выніковы паядынак у рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. Клуб беларуса “Калгары” ў гасцях быў разгромлены “Каралінай” – 2:7. Шаранговіч стаў аўтарам другой шайбы сваёй каманды. Беларускі форвард правёў на лёдзе больш за 16 хвілін, нанёс 2 кідкі, здзейсніў 1 перахоп, выйграў 6 укідванняў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “-1”. Ягор вызначыўся голам у трэцім матчы запар, а ў шасці апошніх гульнях беларус набраў 9 (7+2) ачкоў.

Беларус Алфёраў пакінуў кваліфікацыйны алімпійскі турнір па боксе ў Італіі

У італьянскім Буста-Арсіцыо працягваецца міжнародны кваліфікацыйны турнір на Алімпійскія гульні 2024 года “Дарога бокса ў Парыж”. У нядзелю на італьянскі рынг выходзіў Аляксей Алфёраў, які выступае ў вагавай катэгорыі да 80 кг. Супернікам Аляксея быў Нурбек Аралбай з Казахстана. Перамог у баі паасобным рашэннем суддзяў ураджэнец Астаны – перавагу яму аддалі трое арбітраў з пяці. Такім чынам, беларускі баксёр пакуль застаецца без алімпійскай ліцэнзіі – для яе атрымання трэба было дайсці да паўфіналу.

Беларускае Радыё Рацыя