BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзень Волі ў Бучы

25 сакавіка нацыянальнае свята Дзень Волі беларусы ва Украіне адзначылі ў Бучы побач з месцам гібелі беларускага героя Іллі Хрэнава з пазыўным “Літвін” у самым пачатку вуліцы, названай ягоным імем. Зараз тут створаны мемарыял гераічнай абароне і ахвярам акупацыі горада Буча.

Мерапрыемства арганізаваў дабрачынны фонд “Вільна Білорусь”. Падчас імпрэзы ягоны кіраўнік Аляксей Францкевіч перадаў намесніцы мэра горада Аліне Саранюк скульптуру, выкананую з абломкаў расейскай ракеты “Калібр”, збітай над Кіевам вайскоўцамі 96-й ракетна-зенітнай брыгады. Гэтыя абломкі дабрачыннаму фонду перадало камандаванне брыгады. Скульптуру ў выглядзе шматпавярховага дома, у якім захрас кавалак ракеты, якая сімвалізуе мірную і чыстую Украіну, разбураную расейскімі ракетамі выканалі ў Львоўскай Акадэміі мастацтваў.

У святкаванні Дня Волі ў Бучы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Бучанскай гарадской Рады і мясцовай адміністрацыі, а таксама пасол у асаблівых даручэннях у пытаннях Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім, пасол Польшчы ва Украіне Яраслаў Гузы, жонкі загінулых беларускіх дабраахвотнікаў Васіля Парфянкова і Змітра Рубашэўскага, ваяры батальёнаў “Волат” Дзяніс Урбановіч і “Тэрор” Радзівон Батулін ды шэраг іншых беларускіх дабраахвотнікаў і валанцёраў. Усе, хто выходзіў да мікрафона, звярталі увагу на тое, што сапраўдная Беларусь, якая мае нацыянальную годнасць і памяць – з Украінай.

Беларускае Радыё Рацыя