BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як пройдзе акцыя да Дня волі ў Беластоку?

Госця Рацыі – Надзея Салаўёва, вядомая асоба ў беластоцкім хабе “Новая Зямля”. З ёй наконт арганізацыі акцыі да Дня волі гутарыць Мікола Ваўранюк.

РР: У Беластоку рыхтуецца акцыя да Дня волі, вы адна з арганізатарак гэтай акцыі, калі ласка, раскажыце нам пра яе.

Надзея Салаўёва: Са святам усіх. Так, канешне, сёння а пятнаццатай на рынку Касцюшкі, цудоўнае месца перад музеем, будзе ўрачыстая акцыя з канцэртам. Гэтае мерапрыемства будзе доўжыцца дзве гадзіны – ад пятнаццатай да сямнаццатай. Таму запрашаем усіх, прыходзьце, будзе вельмі атмасферна і цёпла! І мы самі для сябе адсвяткуем Дзень волі. Таму са святам усіх! Будзе, як звычайна, гімн БНР  “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, вядучая – Кацярына Ваданосава створыць цудоўную, класную атмасферу. Яна будзе цудоўна выглядаць у традыцыйным строі, хоць і халодна. І будуць выступаць выбітныя асобы ў Беластоку. Віншаваць.

А рэканструктарскі клуб Invictus зладзіць такую пастаноўку пераемнасці барацьбы беларусаў за волю і незалежнасць усе гэтыя гады ад Касцюшкі і да БНР. Будзе цудоўны такі міні-спектакль. І зразумела, што скончыцца ўсё гадзінным канцэртам, на якім выступяць Ігар Палынскі са сваім гуртом Sumarok, Кацярына Ваданосава, якая цудоўным чынам пераапранецца ў рок-адзенне і будзе спяваць класны рок. І паведамлю сакрэт – яна адмыслова напісала песню да Дня волі. Прыходзьце, будзе добра!

РР: Цэнтр Беластока ўжо не першы раз будзе сведкам такога святкавання. У мінулым годзе мітынг каля помніка Пілсудскаму таксама прайшоў вельмі ўрачыста з прамовамі, гімнам, чытаннем трэцяй устаўной граматы. Цудоўна рабіў гэта Васіль Калач, якога пабачыў сёння ў іншай ролі – ролі аднаго з рэканструктараў змагання беларусаў за незалежнасць. Два гады таму ў Беластоку была Святлана Ціханоўская, якая таксама выступала перад прысутнымі. Заўсёды было ўрачыста. Заўсёды было годна, думаю, што і сёння будзе таксама.

Надзея Салаўёва: Канешне. І дзякуй шчыры і ўладам Беластока, і кіраўніцтву музея, на прыступках якога мы будзем ладзіць гэтую акцыю. Яны дазволілі вывесіць польскія і беларускія БЧБ-сцягі. Будзе прыгожа.

РР: За нашу і вашу свабоду! А якія ў вас асабістыя асацыяцыі з гэтым святам? Бо мы ж, беларусы, не адразу пра гэты дзень ведалі, не вучылі нас, прынамсі мяне, гэтаму ў школе. Рэдка, дзе перадавалася сямейная гісторыя. А калі так, то вельмі падпольна, ціха, схаваная яна была глыбока. Калі вы даведаліся пра 25 Сакавіка, калі пачалі святкаваць?

Надзея Салаўёва: Даведалася, калі выйшла замуж за Зміцера Салаўёва, бо кожныя 25 Сакавіка ён вельмі так святочна апранаўся ў белую кашулю і чырвоны гальштук. І яны разам з дэмакратычнай супольнасцю і шмат якой моладдзю, і людзьмі Магілёва выходзілі з кветкамі да будынка першай школы. А гэта выбітны будынак у Магілёве, дзе прайшоў устаноўчы з’езд БНР у 1918 годзе. І гэта галоўнае месца, куды трэба ісці ў Магілёве і ўшаноўваць памяць людзей, якія, паклаўшы сваё жыццё, здабылі нам волю і незалежнасць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя