BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы

У Сопаце ў суботу, 27-га красавіка – дзіцячы спектакль «Як Вожык, Медзведзяня і Зайка хадзілі на раку снедаць». Тут чакае ўтульная і пранізлівая гісторыя пра сяброўства, шчырасць і дабрыню паводле ўлюбёных дзіцячых апавяданняў Уладзіміра Казлова. Дзеткам да 4 гадоў — уваход вольны!

Таксама ў суботу, 27-га красавіка, але ў Познані – “Чарнобыльскі шлях”. Плануецца марш і мітынг да 38-ай гадавіны катастрофы і акцыя супраць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. У праграме: марш да помніка Адаму Міцкевічу; успамін пра падзеі Чарнобыльскай катастрофы; чытанне ўрыўкаў з кнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва»; беларускія і ўкраінскія спевы.

Катавіца – 27-га красавіка – Беларускае электроннае падполле. Вогненныя дыджэй-сэты раздадуць: Papa Bo Selektah , Sickute, HOllY MollY, The3d і Kipah. Запрашаюць патанчыць пад ламаныя рытмы і прыгадаць​ андэграўнднае гучанне Мінска.

Выстава беларускіх мастакоў працягваецца ў Варшаве. На ёй прадстаўленыя працы 15 дзеячаў, якія працавалі пад кіраўніцтвам праф. Віктара Гута і доктара Цэзара Качварскага.

Таксама ў сталіцы Польшчы ў нядзелю 28 красавіка адкрываецца фотавыстава Зянона Пазняка «МЕНСК: Адлюстраванне часу». Гасцей чакае эксклюзіўная выстава фотарэпрадукцыяў пра Менск 1960-х гадоў з аўтарскага альбома палітыка. Гісторыі, археалогіі, барацьбе за зберажэнне архітэктуры і забудовы беларускай сталіцы дзеяч прысвяціў 25 гадоў.  Выстава фотарэпрадукцыяў з альбома — гэта кавалак гісторыі Менска, адбітак настальгіі па родным горадзе, часткі якога ўжо няма. Падчас вернісажу адбудзецца размова з Зянонам Пазняком пра мастацтва. Уваход вольны.

І ў Беластоку 27-га красавіка адбудзецца творчая падзея “Жывая бібліятэка”.  «Кнігі» тут — гэта людзі, якія з’яўляюцца публічнымі асобамі. Цягам 30-хвілінных сесій госці змогуць «пачытаць» розных герояў і даведацца пра іх працу, лёс, светапогляд. Падчас «чытання» ва ўдзельнікаў сустрэчы будзе магчымасць пазнаёміцца асабіста і задаць пытанні. Гэтым разам «кнігамі» будуць: спявак рок-гурта Уладзь Бернат, вядучая ток-шоў Марыя Грыц і рэканструктар 1863 года Васіль Калач.

Такія падзеі чакаюць бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Гукавы файл:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя