BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расейская мова ў Польшчы – стан і перспектыва

Як толькі ты кажаш, што не варта злоўжываць у публічнай прасторы расейскай мовай, адразу з’яўляюцца некалькі чалавек, якія скажуць, што ў дэмакратычнай краіне хто якой мовай хоча, такой і кажа. Што ж, у новай Беларусі адным з ключавых школьных прадметаў пасля грамадазнаўства прапаную зрабіць логіку.

Фота: notabenepolska.pl

А логіка ў тым, што трэба адрозніваць грамадскае ад публічнага. Чарговай нагодай узняць тэму расейскай мовы новапрыбылых у Польшчу беларусаў сталася гісторыя на папулярным у фэйсбуку пабліку «Беларусы ў Варшаве».

Адмін суполкі, вядомы пад псеўданімам Памедар Рэўцкі, апублікаваў сваю перапіску з кабетай, якая хацела размясціць абвестку пра свой персанальны бізнес – абавязкова па-расейску. Уладальнік пабліку адмовіўся, зазначыўшы, што абвесткі прынцыпова публікуюцца толькі па-беларуску.

Я разумею спадара Памедара, чаму ён апублікаваў перапіску (не раскрываючы дадзеныя асобы) – бо перапіска вельмі характарная і характэрная. Аргументы супраць беларускай мовы ўрэшце звяліся да сучаснага крамлёўскага імперскага наратыву: «Вы официально заявляете, что занимаетесь притеснением русского языка у беларусов. Вы понимаете, что в Европе это самый настоящий национализм?».

Далей болей – адмова публікаваць прыватную бізнес-абвестку па-расейску была названая дыскрымінацыяй беларусаў па нацыянальнай прыкмеце і нават распальваннем міжнацыянальнай розні.

Стан рэчаў такі, што сыходзячы ад пагрозы рэпрэсіяў, дастаткова шмат беларусаў вязуць з сабою ў Польшчу і наагул на Захад светагляд, які альбо паспрыяе карозіі дэмакратыяў у краінах новага прыбывання, альбо загоніць гэтых беларусаў у тупік.

Скардзіцца польскім уладам, што хтосьці на сваёй прыватнай пляцоўцы не дазваляе карыстацца расейскай для публічнага дзеяння проста глупа. Бо з усёй былой палітычнай Усходняй Еўропы Польшча ці не больш за ўсё пацярпела ад Расеі як імперыі. Тут рассефілы хутчэй фрыкі, чым сур’ёзная сіла.

Вядома, вымушаныя перасяленцы з-пад бамбёжак ва Украіне і тэрору ў Беларусі на пачатку шукаюць расейскамоўных юрыстаў, медыкаў і педагогаў. Хоць часта побач з расейскай праз «слэш» ідзе і беларуская, і ўкраінская.

Перспектыва расейскай мовы ў Польшчы мне бачыцца на ўзроўні абвестак пра рамонт машынаў ці пазногцяў. Але ніяк не новым Брайтан-Бічам, дзе паліцэйскі мусіць ведаць расейскую мову, бо жыхары раёну не жадаюць вучыць ангельскую.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя