BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Бесараб пра беларускую навуку ў выгнанні і на «ваенных рэйках» унутры Беларусі

Навука для любой дзяржавы ёсць мірным спосабам даказаць сваё развіццё і паказаць апошнія дасягненні іншым. Прынамсі беларуская навука даўно выклікае турботы ў спецыялістаў. Нізкі рэйтынг беларускіх ВНУ, дзяржаўнае ўтрыманне амаль усяго навуковага апарату, прамысловасці – тых жа МАЗа ці БелАЗа, падзенне колькасці заявак на рэгістрацыю ў Міжнародную патэнтную сістэму, вектар набліжэння да сыравіннай краіны… На гэта ўсё наклаўся палітычны крызіс 2020 года, які падштурхнуў навукоўцаў Беларусі да міграцыі.

Вольга Сямашка пагутырыла з вядомым беларускім папулярызатарам тэхнічнай навукі, былым супрацоўнікам Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Сяргеем Бесарабам пра тое, як зараз жывецца беларускім навукоўцам за мяжой, наколькі ў свеце гатовы іх прымаць: які далейшы лёс навукі ў Беларусі, наколькі яна залежыць ад Расеі і яе мілітарных мэтаў; ды якія перспектывы папулярызацыі беларускай навукі ў свеце існуюць зараз.

РР: Маем такую нагоду – Дзень Волі. Для многіх месца Беларускай акадэміі навук было часта месцам сустрэчы апазіцыі і яно крыху асацыюецца з Днём Волі. На пратэстах 2020 года да пратэстоўцаў выйшлі супрацоўнікі Акадэміі навук, і, здавалася, усё завершыцца перамогай. Гэтага не адбылося. Многія навукоўцы за гэта згубілі месца працы. Некаторыя былі вымушаны пакінуць Беларусь. Па вашых назіраннях, у якім зараз стане знаходзіцца беларуская навука? Ці пайшла на карысць міграцыя тым, хто з’ехаў? Ці выйгралі тыя, хто застаўся і ніяк не праявіў сябе падчас пратэстаў?

Сяргей Бесараб: Выйгралі тыя, хто застаўся і ніяк сябе не праявіў. Гэта відавочна. Канешне, тут трэба разлічаць гуманітарныя навукі і тэхнічныя. Гуманітарыі – гэта ў асноўным гісторыкі і філолагі. Яны запатрабаваныя ўнутры Беларусі. Яны, у прынцыпе, не могуць існаваць па-за межамі сваёй краіны. І менавіта яны былі вымушаны ў асноўнымі міграваць. Тэхнічныя навукі, ці прыродазнаўчыя, якія лёгка інтэгруюцца ў сусветную навуковую структуру, яны, на дзіва, не асабліва сябе моцна праявілі, можна сказаць, амаль што не праявілі і засталіся. І гледзячы на тыя тэндэнцыі, якія зараз назіраюцца, яны зрабілі слушны выбар. Людзі, якія працуюць у гэтых галінах, яны кажуць, што жывём так, як ніколі яшчэ не жылі. Жывуць звычайна за вайсковыя замовы. Грошы, якія Расеяй выдаткоўваюцца на навуковыя даследаванні, яны перападаюць і беларусам. Гэта досыць буйныя сумы, таму некаторым навукоўцам стала лепш. Такая вось дзіўная гісторыя.

РР: А што здарылася з тымі, хто з’ехаў? Наколькі беларускія навукоўцы наогул прыдатныя для сусветнай навукі?

Сяргей Бесараб: Калі разглядаць еўрапейскую навуку, то яны цалкам прыдатныя, ніякіх фармалістычных перашкод я не бачу. Асноўнае – гэта пераклады сваіх дыпломаў, наяўнасць навуковых прац на ангельскай мове – і ўсё. Іншая справа, знайсці сабе патрэбнага кіраўніка, прафесара, да якога ты мог бы далучыцца, дакладней, да яго групы. У Еўропе ў першую чаргу адыгрывае цікавая тэма, бо фінансуюцца цікавыя тэмы, прарыўныя. Ніхто не будзе выдаваць грошы на нейкае глупства. Іншая справа, калі ў Беларусі ты вёў накірунак, то тут ты прыязджаеш і робішся звычайным шарагоўцам. Вельмі мала верагодна, што табе адразу дадуць весці нейкі свой праект. І таму многія не спяшаюцца. Многія проста змяняюць свой прафесійны накірунак, напрыклад, сыходзяць у IT.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» – вядомым беларускім папулярызатарам тэхнічнай навукі Сяргеем Бесарабам.

Беларускае Радыё Рацыя