BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Стась Карпаў: Я спадзяюся мы вернемся на Радзіму

Больш за сотню грамадскіх актывістаў выйшла ў грузінскім Батумі на акцыю да Дня Волі. Акцыя адбылася ўвечары 24 сакавіка і падчас яе адбылося шэсце ды мітынг, а таксама кірмаш на батумскай Плошчы Еўропы.

Пра сваё бачанне такіх акцый, кажа грамадскі актывіст і паэт Стась Карпаў:

– Я спадзяюся, што калі мы нарэшце атрымаем шанец атрымаць краіну ў сваё распараджэнне, гэтым павінны займацца беларусы, а не той, хто называе сябе аматарам вёсак і Савецкага Саюза. Беларусы хоць раз у жыцці павінны атрымаць шанец. Я думаю, што менавіта з такіх сустрэч дыяспары, з такіх сустрэч людзей абсалютна аднолькавых поглядаў, беларускамоўных найперш натуральна, выпрацуецца тое, што будзе карысным, калі мы вернемся на Радзіму.

Ён упэўнены, што беларусам за мяжой лягчэй захоўваць беларускую ідэнтычнасць:

– Верагодна, як гэта не дзіўна, зараз за мяжой захоўваць беларускую ідэнтычнасць прасцей, чым тым, хто застаецца зараз у Беларусі. Там перад людзьмі стаіць задача выжыць, самазахавацца. Тут можам зрабіць для сябе штосьці яшчэ. Мы можам стаць у большай ступені беларусамі, чым гэта магчыма ў Беларусі. Я спадзяюся, што мы ўсе вернемся, больш радыкальнымі, больш беларускамоўнымі, болей упёртымі, болей бескампраміснымі.

Падчас акцыі Стась Карпаў пасля прамовы прачытаў свой верш. Таксама гучалі вершы Караткевіча. А напрыканцы акцыі пад гукі песні Змітра Вайцюшкевіча “Наш Сцяг”, утварылі нацыянальны сцяг з белых і чырвоных ліхтарыкаў.  

Беларускае Радыё Рацыя