Уначы расейская крылатая ракета парушыла польскую мяжу і праз 39 секунд вярнулася ў паветраную прастору Украіны.
Улады Польшчы заявілі, што ведалі траекторыю палёту ракеты і збілі б яе, калі б мэта была на тэрыторыі рэспублікі, перадае агенцыя PAP.
«У выпадку з гэтай ракетай не было пастановы яе збіваць. Не было таксама пытання пра тое, каб нашыя знішчальнікі неяк умяшаліся, бо яна не накіроўвалася ўглыб нашай тэрыторыі», – заявіў спікер аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Яцэк Гарышэўскі.
Ракета парушыла мяжу ў Люблінскім ваяводстве, ляцела на вышыні 400 метраў з хуткасцю 800 кіламетраў у гадзіну. Увесь час за ёю назіралі сродкамі радыёлакацыі, запэўніў прадстаўнік польскага войска.
Віцэ-прэм’ер, міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш, каментуючы інцыдэнт, заявіў, што кожная такая сітуацыя вывучаецца асобна. Міністр назваў слушным дзеянні аператыўнага камандавання Узброеных сілаў, якое пастанавіла не чапаць расейскую ракету ў польскай прасторы.
Пры гэтым міністэрства замежных справаў Польшчы плануе запатрабаваць тлумачэнняў ад Масквы.
Беларускае Радыё Рацыя