У Варшаве працягваецца інфармацыйная кампанія ў падтрымку Беларусі, прымеркаваная да Дня Волі.
На рэкламных банерах у грамадскіх месцах (на экранах у метро і аўтобусах, на прыпынках транспарту) размешчаныя тэматычныя ілюстрацыі. На іх паказаныя тыповыя сітуацыі з жыцця дзвюх краін, якія закранаюць свабоду слова і правы чалавека.
“Мы вельмі радыя, што варшавяне бачаць гэтую выставу. Нам важна расказваць пра тое, што адбываецца”, – распавяла прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык:
– Мы шукалі такую форму, каб паказаць людзям, што так блізка – 250 кіламетраў ад Варшавы – адбываюцца такія страшныя рэчы, на звычайных, простых, жыццёвых прыкладах. Тое, што за каментар, або за лайк да каментара вы можаце трапіць у вязніцу. Тое, што толькі журналісты летась атрымалі больш за 90 гадоў пазбаўлення волі… Кампанія будзе праходзіць у Варшаве два тыдні. Яна ўжо тыдзень на экранах. Мы бачылі пазітыўныя рэакцыі палякаў, якія кажуць: сур’ёзна, гэта так выглядае, мы не маглі сабе гэта ўявіць. Гэта хіба што той эфект, які мы хацелі дасягнуць.
Кампанія распрацаваная Прадстаўніцтвам па Нацыянальным адраджэннi АПК у супрацоўніцтве з партнёрамі. Убачыць ілюстрацыі можна будзе ў Варшаве да 31 сакавіка. Кампанія мае назву “Галасы Беларусі – так блізка, але так далёка”.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя