Акцыя “Яе звалі Ліза” пачнецца 6 сакавіка а 18:00 на месцы здзяйснення злачынства, на вуліцы Żurawiej 47 у Варшаве.

“Тое, што здарылася з Лізай, магло адбыцца з любой з нас. Яе згвалціў і забіў “звычайны” чалавек. Мы выходзім на вуліцы, каб Ліза не была забытая. Каб вуліцы нарэшце сталі бяспечнымі для нас”, – гаворыцца ў заяве арганізатараў.
Арганізатары плануюць пачаць ад месца злачынства – вул. Żurawia 47. Кажа арганізатар акцыі, актывістка Наста Базар:
– Па-першае, трагедыя здарылася ў Варшаве. Па-другое, гэта сталіца, і там найбольш беларусаў. Калі ёсць жаданне, можна прыехаць на адзін дзень, там будзе адбывацца марш. Ідэя такая з’явілася, каб зноў гучна заявіць і нагадаць пра тое, што ў гвалце вінаваты толькі гвалтаўнік. Далучылася вельмі шмат польскіх, беларускіх і ўкраінскіх феміністак, якія і арганізуюць гэты марш.
Прыгадаем, што 1 сакавіка ў Варшаве памерла 25-гадовая беларуска Лізавета. Мужчына ў масцы напаў на яе, калі яна вярталася дадому раніцай 25 лютага, прыставіў да яе шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе збіў і згвалтаваў, а пазней душыў. Аголеную жанчыну, якая ляжала на сходах без прытомнасці, знайшоў вартаўнік і паведаміў пра ўсё ў паліцыю.
Вядома, што сярод арганізатараў маршу ў Варшаве дабрачынная арганізацыя Fundacja Kraina, і арганізацыя ўкраінскіх жанчын Sema Ukraine. Аналігіная акцыя памяці «Яе звалі Ліза» у Беластоку чакае на ўзгадненне для правядзення ў сераду 6-га сакавіка, а 18-й адпаведна.
Беларускае Радыё Рацыя