BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні распачаўся Казюкас

Адкрыццё вядомага і доўгачаканага кірмашу пачалося 8 сакавіка а 14.00 ад плошчы Незалежнасці. Адтуль святочнае шэсце рушыла па праспекце Гедыміна да Кафедральнай плошчы. Калону ўзначальваў Святы Казімір, а за ім ішлі роставыя лялькі, рамеснікі і фальклорныя калектывы з розных рэгіёнаў Літвы.

Віленскі кірмаш Казюкас названы ў гонар каталіцкага Святога Казіміра, які ў XV стагоддзі быў польскім каралём і разам з тым княжыў у Літве.

Гэты святы стагоддзямі з’яўляўся не толькі апекуном Літвы, але і ўсіх яе рамеснікаў. Першы кірмаш у гонар Казіміра прайшоў у дзень яго імянін 4 сакавіка 1604 года ў Вільні, у ім бралі ўдзел прадстаўнікі традыцыйных літоўскіх рамёстваў.

І вось ужо мінула 420 гадоў з таго дня, а кірмаш Казюкас ладзіцца і па гэты дзень і з’яўляецца вельмі папулярным не толькі ў літоўцаў, але і гасцей літоўскай сталіцы.

Ды і ў якасці рамеснікаў сюды завітваюць не толькі літоўцы з розных куткоў Літвы, але латышы, палякі, украінцы, эстонцы ды іншыя народнасці.

На  кірмашы можна купіць амаль усё, што заўгодна, пачынаючы ад смачнай стравы і заканчваючы сувенірамі, абуткам і адзеннем. Тут мясныя і рыбныя прысмакі, сыры, цукеркі, выпечка, нават можна набыць толькі што зроблены на вашых вачах традыцыйны літоўскі торт “Шакоціс”, пернікі ды іншае. Таксама можна пасмакаваць розныя напоі, як халодныя, так і гарачыя. А вулічная ежа вабіць сваім пахам ужо здалёк. Падыходзіш бліжэй – а там плоў з мясам, цэпеліны, шашлык, смажаныя каўбасы і гародніна, бліны і чыпсы.

Рамеснікі і майстры здзіўляюць сваім крэатывам мінакоў. Якія прыгожыя вырабы са шкла, скуры, дрэва, гліны, лёну, воўны! Тут сапраўды можна набыць модны эксклюзіў і парадаваць не толькі сябе, але і родных.

Сёлета Казюкас супаў са святам 8 Сакавіка, таму на ім было шмат кветак і розных кампазіцый з імі. Былі і свечкі ручной працы ў выглядзе руж, і драўляныя цюльпаны, і кветкі з воўны, металу.

Ну, і вядома, наперадзе Вялікдзень, які каталікі  сёлета будуць адзначаць 31 сакавіка. Звычайна менавіта падчас Казюкаса літоўцы і госці Вільні набываюць упрыгожаныя вербы на гэтае свята. А сёлета выбар вялікі – ад самых невялікіх да паўтараметровых.

Кошты ў гэтым годзе крыху выраслі ў параўнанні з мінулым, але не на шмат. Прадаўцы ўсё адно спадзяюцца на добрую выручку, бо і надвор’е гэтаму спрыяе. Народу на кірмашы шмат.

Казюкас будзе доўжыцца сёлета тры дні, з 8 па 10 сакавіка. Асноўныя яго лакацыі – гэта праспект Гедыміна і Кафедральная плошча.

YouTube player

Беларускае Радыё Рацыя