Паводле інфармацыі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, на двух дзеючых пунктах пропуску – Шальчынінкай (Беняконі з беларускага боку) і Мядзінінкай (Каменны Лог з беларускага боку) – утварыліся вялікія чэргі цягачоў: сотні машын з абодвух бакоў мяжы, у Мядзінінкаі з літоўскага боку – каля 500 цягачоў, у Шальчынінкаі – каля 300.
Павялічыўся таксама час чакання і для кіроўцаў легкавых аўтамабіляў. «У Мядзінінкаі ёсць пляцоўка на 350 месцаў, яна запоўненая. Каля яе ў чарзе стаяць 145 цягачоў. Апошняму з іх давядзецца чакаць 55 гадзін», – распавёў прэс-сакратар Гедрус Мішуціс. У Шальчынінкаі стаяць 340 цягачоў і пляцоўка чакання таксама запоўненая, «яшчэ столькі ж, колькі на ёй, машын стаіць у чарзе». Час чакання вызначылі 34 гадзінамі.
Па словах прэс-сакратара СОГГ, у Шальчынінкаі і Мядзінінкаі павялічыўся таксама час чакання і для кіроўцаў легкавых аўтамабіляў: «у Мядзінінкаі ў чарзе давядзецца прастаяць 6, а ў Шальчынінкаі – каля 2 гадзін».
З 1 сакавіка праз Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) таксама забаранілі рух пешаходаў і раварыстаў. Урад таксама вырашыў паступова скарачаць выдачу дазволаў на перавозку пасажыраў на аўтобусах – як беларускім, так і літоўскім перавозчыкам (на 50%).
Беларускае Радыё Рацыя