BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Заблудаў – мястэчка, дзе 455 гадоў таму надрукавалі «Евангелле вучыцельнае»

17 сакавіка 1569 года – 455 гадоў таму – у мястэчку Заблудаў быў скончаны друк «Евангелля вучыцельнага». Гэта помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае вядомае на беларускіх землях друкаванае евангелле. Было выдадзена Іванам Фёдаравым (Федаровічам) і Пятром Мсціслаўцам – асобамі, якія вядомыя беларусам яшчэ са школьных падручнікаў. Фёдараў і Мсціславец перасялілся ў Заблудаў пасля пераследу ў Масковіі і жылі пад апекай вялікага гетмана Рыгора Хадкевіча. Жылі і дзеілі яны ў гэтым мястэчку каля чатырох гадоў і выдалі там яшчэ «Псалтыр» (з «Часаслоўцам»).

Сёння Заблудаў – гэта цэнтр гміны непадалёк Беластоку, дзе пражывае каля 2 тысяч 500 чалавек. Некаторыя хаты разбураюцца, але ёсць і зусім новыя забудовы. Дарога сюды рэйсавым аўтобусам з Беластоку займае ня больш чым паўгадзіны.

Указальнікі цэнтральных вуліц

Уезд у Заблудаў з іншай старонкі – з боку Бельска.

На некаторых вуліцах яшчэ захавался старая брукаванка

На жаль, ніякіх памятных знакаў знакамітым друкарам і іх кнігам на вуліцах Заблудава няма. Ёсць толькі помнік важнай падзеі пры царкве. У цэнтры мястэчка камяні і мемарыяльныя шыльды ў гонар і памяць больш пазнейшых гістарычных падзей, пераважна 20-га стагоддзя.

Знакаміты Заблудаў быў найперш сваёй вялікай сінагогай 1646 года. Гэта быў сапраўды ўнікальны помнік драўлянай архітэктуры. Габрэі пачалі сяліцца ў Заблудаве яшчэ з сярэдзіны 16-га стагоддзя, а пад канец 19-га стагоддзя складалі ўжо каля 60% насельніцтва. У час Другой сусветнай вайны нацысты знішчылі палову габрэйскага насельніцтва – агулам у лагер смерці Трэблінка было вывезена каля 1400 чалавек. А 24 чэрвеня 1941 года была спалена ўнікальная сінагога. Яе гісторыя расказана на стэндах у цэнтры Заблудава.

Месца, дзе некалі стаяла гэтая сінагога, таксама азнакаванае.

Вельмі прыгожая ў Заблудаве праваслаўная царква Успення Прэсвятой Багародзіцы, збудаваная ў 1847-1855 гадах.

Цікавая і архітэктура Петрапаўлаўскага касцёлу 1805-1840 гадоў, які таксама ў самым цэнтры мястэчка.

Адна з дарог вядзе да капліцы Святога Роха 1850 года.

Непадалёк месца, дзе стаяла вялікая сінагога, знаходзіцца мясцовая “пажарка” з музейнымі элементамі.

Каб абысці ўвесь Заблудаў, падарожніку дастаткова дзве-дзве з паловай гадзіны. І гэта таго сапраўды варта.

На адным з прыватных падворкаў можна пабачыць сапраўдны музей сячкарняў і іншых хатніх прыладаў пад адкрытым небам.

Асноўны местачковы прыпынак, адкуль рэгулярна курсуюць аўтобусы ў Беласток

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара