BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вікторыя Азаранка выйграла 200-ы матч на турнірах WTA 1000. Гэта рэкорд

23-я ракетка свету Вікторыя Азаранка, якая ў другім раўндзе турніру ў Мадрыдзе разграміла Таццяну Марыю (6:3, 6:1), выйграла 200-ы матч на ўзроўні WTA 1000. Беларуска – першая тэнісістка з моманту ўвядзення фармату ў 2009 годзе, якой удалося дасягнуць такой адзнакі. Яна апярэджвае Сімону Халеп (у яе 186 перамог), Каралін Вазняцкі (182); Петру Квітаву (180); і Агнешку Радваньску (175).

Далей на турніры Азаранка пазмагаецца з Сарай Сарыбес-Торма.

На мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па баскетболе стартуюць паўфінальныя серыі

На мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па баскетболе пачнуцца паўфінальныя серыі. Баскетбалісты “МІНСКА”, якія вось ужо 15 гадоў нікому не саступаюць чэмпіёнскі тытул, згуляюць на сваёй пляцоўцы з віцебскім “Рубонам”. У другім паўфінале віцэ-чэмпіёны Беларусі баскетбалісты “Гродна-93” на хатняй арэне сустрэнуцца з бронзавым прызёрам мінулага першынства магілёўскім “Барысфенам”. Другія паядынкі серый да трох перамог адбудуцца ў Менску і Гародні 28 красавіка.

Віцебск і Брэст прымуць першыя матчы 6-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

На футбольных арэнах Беларусі сёння адбудуцца стартавыя сустрэчы 6-га тура нацыянальнага чэмпіянату. У першым паядынку футбалісты “Віцебска” прымуць на сваім полі барысаўскі БАТЭ (пачатак гульні ў 18.00). У папярэднім туры віцябляне здабылі другую вікторыю ў цяперашнім чэмпіянаце, нечакана абыграўшы на выездзе аднаго з фаварытаў гарадзенскі “Нёман” (1:0), барысаўчане разышліся мірам з магілёўскім “Дняпром” (1:1).
У другім матчы берасцейскае “Дынама” на сваёй арэне згуляе з наваполацкім “Нафтанам” (пачатак у 20.30). На мінулым тыдні абодва супернікі завяршылі свае сустрэчы з аднолькавым лікам 1:1 – берасцейцы згулялі ўнічыю ў Мазыры з лідэрам мясцовай “Славіяй”, а навапалачане таксама на выездзе – з “Мінскам”.

«Сіці» абышоў «Ліверпуль» і падняўся на другое месца ў АПЛ

«Манчэстэр Сіці» разграміў «Брайтан» у перанесеным матчы 29-га тура чэмпіянату Англіі 4:0. Дзякуючы гэтай перамозе падначаленыя Пепа Гвардыёлы падняліся ў турнірнай табліцы АПЛ з трэцяга месца на другое, абышоўшы «Ліверпуль». Пасля 33 згуляных матчаў у манчэстэрцаў 76 ачкоў. У першага «Арсенала» 77 балаў, у трэцяга «Ліверпуля» – 74. Абедзве каманды правялі на гульню больш.

Калі „Сіці” выйграе 5 апошніх матчаў, то незалежна ад вынікаў канкурэнтаў стане чэмпіёнам Англіі.

Беларускае Радыё Рацыя