BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь хоча больш гандляваць з Гватэмалай, Дамініканай і Уругваем

Беларусь зацікаўленая ў развіцці супрацоўніцтва з Гватэмалай, Дамініканай і Уругваем, вынікае з паведамлення МЗС па выніках сустрэч намесніка міністра замежных спраў Яўгена Шастакова з дыпламатамі гэтых дзяржаў у Маскве. Так, Гватэмала ды Уругвай зацікаўленыя ў актывізацыі дыялогу па розных напрамках, Дамініканская Рэспубліка асабліва зацікавілася напрацоўкамі Беларусі ў машынабудаванні і сферы высокіх тэхналогій.

Падчас нарады аб прамысловасці 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка канстатаваў рост продажу на знешніх рынках, але прызнаў, што “па далёкім замежжы сітуацыя нашмат горшая”. “Аб’ём продажу склаў менш за 20% у адносінах да дасанкцыйнага 2021 года, — сказаў ён. — Не выкананыя планы па экспарце ў дружалюбныя краіны далёкай дугі»”.

Раней эканаміст Леў Львоўскі заявіў у інтэрв’ю “Позірку”, што спробы беларускай улады знайсці гандлёвых партнёраў у краінах “далёкай дугі” з’яўляюцца “марнымі” і носяць фактычна “фармальны характар”.

Заходнім інвестарам абмежавалі атрыманне прыбытку і дывідэндаў

Савет міністраў прыняў пастанову нумар 299 аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры адносна грамадзян і арганізацый з так званых «недружалюбных» краін. Беларуская юрыдычная асоба зможа выплачваць сваім замежным удзельнікам і ўласнікам маёмасці размеркаваны прыбытак або налічаныя дывідэнды толькі з дазволу абласных уладаў і пры выкананні шэрагу крытэрыяў. У спісе недружалюбных краін, удакладняецца ў дакуменце, — дзяржавы ЕС, Аўстралія, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швейцарыя. Пастанова будзе дзейнічаць да канца 2025 года.

Стала вядома, калі чарговы раз падаражае камуналка

Міністр ЖКГ Генадзь Трубіла заявіў, што тарыфы павялічацца бліжэй да чэрвеня. Падаражанне не павінна перавысіць 10 рублёў.

«Што датычыць тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, у нас дакладна рэгламентавана ўказам прэзідэнта — не больш за 0,5 базавай на працягу года. Павышэнне адбылося ў студзені на 0,26 базавай, бліжэй да чэрвеня ўрад прыме рашэнне аб далейшым павышэнні менавіта ў рамках тых нарматыўных дакументаў, якія ў нас прапісаны», — сказаў чыноўнік.

Па словах Трубілы, доля неплацельшчыкаў стабільная. На цяперашні момант 8% усіх асабовых рахункаў маюць пратэрмінаваную запазычанасць.

Польская чыгунка плануе выйсці на ўкраінскі рынак

Польская чыгуначная кампанія PKP Cargo мае намер прэтэндаваць на права эксплуатаваць перагрузачныя тэрміналы ва Украіне. «Амерыканцы хочуць пабудаваць ва Украіне перагрузачныя тэрміналы. Мы маем намер удзельнічаць у тэндэры на атрыманне кантрактаў на іх эксплуатацыю», – працытавала словы генеральнага дырэктара кампаніі PKP Cargo Алана Беруда выданне Bankier.pl.

Планы амерыканскіх падрадчыкаў зацікавілі польскіх чыгуначнікаў у сувязі з тым, што мяркуецца будаўніцтва еўрапейскай каляіны да Львова. Адпаведна не будзе неабходнасці закупляць лакаматывы і вагоны для шырокай каляіны. (reform.news)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: belmarket.by