BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком гарэлкі і сідру расейцам

Расея ў мінулым годзе імпартавала алкагольнай прадукцыі на 6,5 працэнтаў больш, чым у пазамінулым. Пра гэта піша «Інтэрфакс». Тым часам экспарт расейскай алкагольнай прадукцыі ў мінулым годзе знізіўся на 36,6 працэнта.

Што адметна, гарэлку ў Расею ўвозілі пераважна з Беларусі, гэта амаль 86 працэнтаў усіх паставак, фінская гарэлка мае толькі каля чатырох працэнтаў. Асноўнымі пастаўшчыкамі каньяку былі Арменія і Грузія, больш за палову паставак віскі прыпала на Вялікабрытанію, вінаградныя віны імпартаваліся пераважна з Іспаніі, Італіі, Грузіі, Партугаліі і Абхазіі. А вось у катэгорыі напіткаў браджэння найбольш буйныя партыі сідру імпартаваліся зноў жа з Беларусі – амаль 69 працэнтаў паставак.

Ці могуць беларусы купіць білеты на ЕЎРА-2024?

Продаж білетаў на групавую стадыю Чэмпіянату Еўропы па футболе фактычна завершаная. Але ў канцы красавіка і ў траўні некаторыя білеты яшчэ трапяць у продаж. Турнір пройдзе ў дзесяці нямецкіх гарадах з 14 чэрвеня па 14 ліпеня. Набыць білеты на яго можна толькі зарэгістраваўшыся на сайце UEFA у парадку чаргі. Цэны на групавую стадыю складаюць ад 30 да 200 еўра, на гульні плэй-оф 50-600 еўра, на фінал 95-1000 еўра.

Што тычыцца візавай падтрымкі, то для грамадзян Беларусі, ахвотных паляцець на турнір, яе не будзе. Вырашаць візавыя пытанні трэба самастойна, піша  Office Life. Маючы шэнгенскую візу, можна ехаць праз сухапутныя граніцы, або ляцець самалётам праз Тбілісі, Ерэван ці Стамбул, што, безумоўна, павялічвае кошт такога падарожжа. У адзін бок гэта можа быць 500-600 еўра.

Летась беларусы купілі ў Польшчы амаль дзве тысячы кватэр

У мінулым годзе грамадзяне Беларусі купілі ў Польшчы 1955 кватэр і дамоў. Гэта вынікае са статыстыкі МУС краіны, якую прыводзіць партал GetHome.pl. І гэта на 46 працэнтаў больш, чым было ў пазамінулым годзе.

Пры гэтым беларусы – не самыя актыўныя іншаземцы на польскім рынку жылля, так украінцы набылі 6852 аб’екты нерухомасці, але попыт сярод беларусаў на жыллё расце найхутчэй. Так, пачынаючы з 2020 года колькасць беларусаў, якія набываюць жыллё ў Польшчы, вырасла больш як у чатыры разы, піша «Мост». Таксама ў параўнанні з іншымі іншаземцамі беларусы купляюць кватэры з самай вялікай плошчай. Агульная плошча набытага грамадзянамі Беларусі жылля перавысіла 111 тысяч квадратных метраў, а сярэдняя плошча кватэры склала каля 57 квадратных метраў.

Жыхароў Польшчы можа чакаць павышэнне цэн на электраэнергію

Урад краіны прадставіў законапраект, датычны энергетычнага бону. Калі гэты дакумент будзе прыняты, то рахункі за электрычную энергію вырастуць на 11-13 працэнтаў, а рост цэн у катэгорыі «энергія» складзе 4 працэнты. Так мяркуюць эксперты. Пры гэтым рост цэн на электраэнергію дадасць да інфляцыі каля 0,6 працэнтнага пункта, лічаць, у прыватнасці, эксперты з банка ING.

Што тычыцца энергетычнага бона, то ён будзе прызначацца ў залежнасці ад даходаў хатняй гаспадаркі. Плануецца, што льготы на энергію атрымаюць тыя гаспадаркі, у якіх на кожную асобу прыпадае не больш за 1700 злотых, у выпадку, калі чалавек жыве адзін, то гэта 2,5 тысячы злотых. Таксама льгота прадугледжваецца і ў некаторых іншых выпадках.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Varvara Gerte