BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чаму з Гародні не лятаюць самалёты, і калі з Гомеля яны паляцяць у Батумі

Авіярэйсы ў Сочы і Батумі з Гомеля, хутчэй за ўсё, з’явяцца ў 2025 годзе. Цяпер з абласнога цэнтра лятаюць самалёты ў Маскву. Кірунак запатрабаваны пасажырамі, загрузка аднаго рэйса – не менш за 80%. З 22 сакавіка з Гомеля з’явяцца авіярэйсы ў Санкт-Пецярбург.

З Віцебска і Гомеля таксама лятаюць чартары на егіпецкі курорт Шарм-эль-Шэйх. З мая з Гомеля, Берасця і Віцебска плануюцца чартарныя праграмы ў турэцкую Анталію. З трэцяга красавіка з’явіцца рэгулярны рэйс з Берасця ў Маскву. Гэта значыць сярод рэгіянальных аэрапортаў больш за ўсё напрамкаў асвоена з аэрапорта Гомеля. Пра гэта паведамляе “Sputnik Беларусь” са спасылкай на гендырэктара авіякампаніі “Белавія” Ігара Чаргінца. Пры гэтым няма авіярэйсаў з Гародні. Прычына – узлётная паласа не ў вельмі добрым стане.

Колькі торфу здабывае і экспартуе Беларусь

Пра тое, колькі торфу здабывае і экспартуе Беларусь, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення тарфяной прамысловасці аб’яднання “Белтопгаз” Сяргей Гурло. “Пры існуючых аб’ёмах здабычы і перапрацоўкі запасаў торфу будзе дастаткова для выкарыстання ў эканоміцы на бліжэйшыя сто гадоў”, – заявіў чыноўнік. Паводле яго слоў, Беларусь займае першае месца ў свеце па роўню здабычы торфу і аб’ёму вытворчасці брыкетаў. Штогод у рэспубліцы здабываецца каля 2 млн. тон торфу.

За 2023 год на знешнія рынкі пастаўлена 150 тысяч тон тарфяной прадукцыі паліўнага і непаліўнага прызначэння. У вартасным выражэнні гэта больш за 12 мільёнаў даляраў. Беларуская торфапрадукцыя адгружалася ў 20 краін блізкага і далёкага замежжа. Сярод гэтых краін: Польшча, Чэхія, Літва, Германія, Турцыя, Кітай ды іншыя.  Вядзецца работа па выхадзе на новыя знешнія рынкі краін цэнтральнай Азіі, Блізкага і Далёкага Усходу шляхам удзелу ў міжнародных спецыялізаваных выставах.

Прафесіі, якім пагражае штучны інтэлект

Эксперты склалі спіс прафесій, якія ў небяспецы з-за штучнага інтэлекту. Пад пагрозай апынуліся тэхнічныя пасады: праграмісты, інжынеры, аналітыкі, а таксама працаўнікі медыя – ці то сфера рэкламы, ці то журналістыкі, піша Office Life.

Пагражае штучны інтэлект і спецыялістам фінансавай сферы, у тым ліку аналітыкам і асабістым кансультантам. Пад ударам таксама аказаліся прадаўцы ў гандлёва-інвестыцыйнай дзейнасці і аналітыкі па даследаванні рынку. Акрамя таго, у спісе прафесій пад ударам апынуліся спецыялісты службы падтрымкі, графічныя дызайнеры, памочнікі юрыстаў, бухгалтараў і нават настаўнікаў.

Дарэчы, раней аналітыкі адзначалі, што самыя запатрабаваныя ў Еўропе прафесіі сёння звязаны са штучным інтэлектам і кібербяспекай.

Крызіс на кітайскім рынку жылля

Кітайскі рынак жылля ўжо два гады знаходзіцца ў крызісе. Там сабралася 70 мільёнаў пустуючых кватэр і дамоў, адзначаюць аналітыкі Proeconomics. Пры гэтым гадавыя продажы жылля на кітайскім рынку звычайна знаходзяцца ў межах 10 млн адзінак. Іначай кажучы, зараз на рынку ёсць прапановы на сем гадоў наперад. У лютым цэны на жыллё ў Кітаі працягвалі падаць, піша Bloomberg. За год кошт новага жылля ў 70-ці гарадах знізіўся амаль на два працэнты, а на другасным рынку – больш, чым на пяць працэнтаў.

У пачатку сакавіка стала вядома, што кітайскія банкі вылучылі 28 мільярдаў даляраў на выратаванне рынку нерухомасці. Міністр жыллёвага будаўніцтва Кітая заявіў на мінулым тыдні, што перад краінай усё яшчэ стаіць сур’ёзная задача па стабілізацыі рынку. Прычынамі называюцца праблемы з капіталам і пераключэнне попыту з новага на другаснае жыллё.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Таццяна Федарэнка.