BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Цэны на збожжа ўпалі да трохгадовага мінімуму

Сусветныя цэны на пшаніцу і кукурузу абнавілі трохгадовы мінімум, паведамляе расейскае выданне «Камерсант» са спасылкай на даныя Сусветнага банка за першы квартал. У квартальным вымярэнні цэны на пшаніцу і кукурузу зменшыліся на 4% і 11% адпаведна, у гадавым – на 25% і 30%. На думку экспертаў банка, сітуацыю на сусветным рынку збожжа цяпер шмат у чым вызначае рэкордная прапанова, сфарміраваная ў тым ліку Расеяй і ЗША, а таксама актыўны экспарт гэтых і іншых ключавых пастаўшчыкоў. Пры гэтым, як заяўляецца, «высокія ўраджаі ў ЗША, Расеі і Еўразвязе прывялі да ўзмацнення канкурэнцыі іх прадукцыі на сусветным рынку». Украінскі экспарт таксама ўплывае на паніжэнне цэн, падкрэсліваюць эксперты, пастаўкам не перашкодзіла згортванне «збожжавай здзелкі» на фоне баявых дзеянняў у краіне. (паводле «Позірк»)

Кожная пятая арганізацыя ў Беларусі – стратная

У студзені-лютым 19% арганізацый Беларусі былі стратнымі. Гэта афіцыйныя звесткі. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць стратных арганізацый павялічылася ўсяго на 19 штук, аднак сума страт за гэты перыяд узрасла амаль на 77 працэнтаў. Агулам было 1134 стратных арганізацый, а сума чыстых страт склала амаль 1,4 млрд рублёў.

Лідзіруе па колькасці стратных арганізацый прамысловасць. За першыя два месяцы гэтага года ў Беларусі налічвалася 309 стратных прамысловых прадпрыемстваў. На другім месцы па колькасці стратных арганізацый знаходзіцца сфера «рамонт аўтамабіляў і матацыклаў». На трэцім месцы – сфера будаўніцтва. (паводле nashaniva.com).

Нацыяналізацыя завода Miory Steel абышлася бюджэту ў 1 млрд

На поўначы Беларусі ёсць мястэчка Мёры. Там жыве 17 тысяч чалавек. Капаючыся ў статыстыцы, Еўрарадыё знайшло дзіўны факт: страты, якія ў 2022 годзе згенераваў гэты маленечкі раён, перавысілі 1 млрд рублёў.

Хутчэй за ўсё, прычынай стаў Мёрскі металапракатны завод. Пабудаваны і адкрыты прыватным інвестарам, у 2021-2022 гадах ён быў нацыяналізаваны ўладамі. Першапачаткова завод каштаваў 360 млн даляраў. Запуск адбыўся ў лістападзе 2020 года. «Беларусы і рынак» тады называлі завод ідэальным прадпрыемствам, аналагаў якому няма, і выдатным прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства. За пару месяцаў да гэтага Miory Steel абвясціў пра партнёрства з камандай Formula 1. Але ў 2021-м кіраўніцтва прадпрыемства арыштавалі, завод спыніўся, работнікам перасталі плаціць заробак. Знікла і эмблема «Формулы-1».

У жніўні 2022 года Лукашэнка заявіў, што прыватнік не выканаў абавязацельстваў. Праз год ужо новае кіраўніцтва заявіла, што за папярэдні месяц завод вырабіў 6,5 тыс. тон прадукцыі. Палову ад таго, што мусіў вырабляць. З таго часу пра Мёрскі металапракатны завод у дзяржаўных СМІ не паведамляюць.

Беларускае Радыё Рацыя