BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ці ёсць крызіс? ВУП Беларусі паказвае актыўны рост

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках двух месяцаў вырас на чатыры працэнты. Пра гэта паведаміў Белстат. І пакуль што апярэджвае нават гадавыя планы ўраду, якія прадугледжваюць рост ВУП на 3,8%.

Фота мае ілюстрацыйны характар (Гродна “Азот”)

У рэгіянальным разрэзе найвышэйшыя тэмпы прыросту ў студзені-лютым адзначаліся ў Гарадзенскай вобласці. Тут прамысловая вытворчасць вырасла на 15 працэнтаў. Найменшы рост паказала Гомельская вобласць – рост на 1,7%, аднак яна вярнулася да росту.

Таксама ў краіне па выніках студзеня-лютага ўпершыню з восені 2021 года павялічыўся грузаабарот. Рост перавысіў паўтара працэнта год да года.

Пачынаецца пасяўная кампанія, а трактарыстаў – не хапае

Да веснавых палявых работ гатова 93% тэхнікі, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. Паводле чыноўніка, плануецца звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, каб неабходнае для гэтай тэхнікі паліва было выдзелена “з матэрыяльнага рэзерву”.

Леанід Заяц паведаміў, што для пасяўной кампаніі неабходна амаль 33 тысячы кіроўцаў трактароў, аднак маецца толькі 30 тысяч. Механізатараў, якія адсутнічаюць, сказаў ён, “будуць мабілізоўваць з іншых прадпрыемстваў — прамысловых, лясгасаў”. Пры гэтым, паводле слоў віцэ-прэм’ера, “літаральна тры-чатыры дні — і пачнецца масавая сяўба па Рэспубліцы Беларусь”. Засяваць палі плануецца айчынным насеннем. Выключэнне — кукуруза і цукровыя буракі, насенне якіх закупляюць за мяжой.

Згодна з планамі ўрада, у 2024 годзе плануецца атрымаць больш за 10 млн тон збожжавых і зернебабовых.

Расейская сетка электронікі прыходзіць у Беларусь

У беларускай сталіцы неўзабаве павінен пачаць працу першы гандлёвы пункт расейскай сеткі крамаў электронікі і бытавой тэхнікі DNS. Як паведамляецца, першая крама расейскай сеткі электронікі, лічбавай і бытавой тэхнікі DNS павінна з’явіцца ў Менску ў гандлёва-забаўляльным цэнтры DiaMond City.

DNS – адна з найбуйнейшых у Расеі рознічных сетак, якія рэалізуюць прадукцыю ў сферы электронікі і бытавой тэхнікі. Да гэтага сетка DNS апошні раз істотна пашырыла сваю геаграфію ў 2021 годзе, калі прыйшла ў Казахстан, дзе цяпер мае каля сарака крамаў.

Фінансавы “партрэт” палякаў 30-40 гадоў

Яны працуюць у асноўным за грошы і пастаянна разлічваюць на дапамогу бацькоў. Вось партрэт палякаў 30-40 гадоў. Іх аб’ядноўвае дзяцінства ў 1990-я гады і вера ў тое, што веданне англійскай мовы і офісны пакет гарантуюць прафесійны поспех. Аднак сутыкненне з рынкам працы было жорсткім, і выезд за мяжу прынёс чарговае расчараванне. У выніку яны не вераць у працу як каштоўнасць і баяцца браць крэдыты. Для іх важныя здароўе і сям’я, а ў іх марах – дом у прыгарадзе, пазадарожнік і залацісты рэтрывер. У нейкай ступені яны ўсё яшчэ прытрымліваюцца папулярнага лозунга пачатку 2000-х: “зладзіць вечарыну за мамчыны грошы”.

Беларускае Радыё Рацыя.