BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польскі бізнэс патрабуе адкрыць памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю

Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб’яднаны Усход») звярнулася да прадстаўнікоў Сейма з патрабаваннем адкрыць памежныя пераходы (перш за ўсё «Баброўнікі») на мяжы з Беларуссю. А калі гэта не будзе зроблена — увесці праграму падтрымкі прыгранічнага бізнесу, які панёс страты з-за закрытай мяжы.

Вылучаныя 25 красавіка патрабаванні прыводзіць Gazeta Wyborcza, піша Most. Zjednoczony Wschód патрабуе стварыць дарожную карту адкрыцця пераходаў з пазначэннем умоў і тэрмінаў рэалізацыі гэтай прапановы. Таксама аб’яднанне настойвае на працягванні выплат кампенсацый малым і мікрабізнэсам, якія працуюць у раёне Беластока, дзе цяпер закрытыя памежныя пераходы. Тэрмін дзеяння папярэдняй праграмы фінансавай дапамогі скончыўся сёлета ў лютым. Акрамя таго, прадпрымальнікі прапануюць не абмяжоўваць колькасць падаваных заяў на кампенсацыю і ўзгадніць з Еўракамісіяй новую праграму фінансавання, каб сродкі маглі атрымаць тыя бізнэсы, якія ўжо дасягнулі ліміту дзяржаўнай дапамогі. 

Паводле звестак прадпрымальнікаў, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі, штогод пакідалі ў Польшчы 124 млн еўра. У такую суму ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнэсу. 

Адміністрацыя Падляшскага ваяводства анансавала выдзяленне дадатковых сродкаў на кампенсацыі прадпрымальнікам. Гаворка ідзе пра 5 млн злотых. Але пра адкрыццё мяжы нічога не паведамляецца. 

Нагадаем, рух праз польскі пераход «Кузніца» (з беларускага боку «Брузгі») быў прыпынены на нявызначаны тэрмін 9 лістапада 2021 года, а праз «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца») — 10 лютага 2023 года.

Беларускае Радыё Рацыя