BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як расце беларуская эканоміка

Эканамічны рост у Беларусі ў першым квартале склаў 104,1 працэнтаў год да года. Створаны ў краіне валавы ўнутраны прадукт ацэньваецца ў 53 мільярды рублёў. Такую ацэнку прыводзіць Белстат. Пры гэтым аб«ём прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах вырас на 6,5 працэнтаў і перавысіў 49 мільярдаў рублёў. Урад разлічвае, што сёлета па выніках года прамысловая вытворчасць вырасце на 5%.

Фота: OL

Таксама, паводле прагнозаў уладаў, на канец года ВУП краіны мае вырасці на 3,8% за кошт «маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграм, рэалізацыі прадукцыі на знешнія рынкі і пашырэння ўнутранага попыту». Міжнародны валютны фонд больш стрыманы ў ацэнках, і прагназуе рост беларускага ВУП па выніках года на 2,4%.

Беларусь скардзіцца на якасць расейскіх інвестыцый

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і кіраўнік расейскага ўрада Міхаіл Мішусцін правялі перамовы ў Маскве. Падчас іх не абышлося без вострага моманту, які можна знайсці ў стэнаграме перамоў. Галоўчанка, разважаючы пра расейскія інвестыцыі ў беларускія праекты, адзначыў, што іх якасць прымушае жадаць лепшага. «Доля ўдзелу расейскіх інвестараў у капітале – толькі 2% ад усяго абʼёму прамых інвестыцый з Расеі», – расказаў беларускі прэмʼер. Галоўчанка адзначыў, што Расея зʼяўляецца найбуйнейшым інвестарам у эканоміку Беларусі, аднак Беларусь для Расеі нават у СНД па абʼёме інвеставання саступае Казахстану і Узбекістану.

Мішусцін не пакінуў гэтую заўвагу без адказу. Старшыня расейскага ўрада выказаў здагадку, што стрымлівае расейскія інвестыцыі запазычанасць Беларусі па дзяржаўных аблігацыях.

Польскі інвестар атрымае кампенсацыю за страту бізнесу ў Беларусі

Польская кампанія CDRL, якой у Беларусі належала сетка крам дзіцячага адзення «Буслік», атрымае больш за 18 млн злотых (каля 4,5 млн даляраў) ад страхавой кампаніі за страту кантролю над сваім беларускім актывам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце інвестара.

Аказваецца, што страхавая кампанія пагадзілася выплаціць кампенсацыю і пагадзілася з тым, што гэты выпадак можна лічыць «палітычнай рызыкай». Прысуджаная кампенсацыя складае 90% ад сумы ўкладзеных сродкаў, і зʼяўляецца максімальна магчымай сумай кампенсацыі, – гаворыцца ў паведамленні інвестара. Сетка «Буслік» спыніла сваю працу ў Беларусі ў канцы лютага. (nashaniva.com)

Польскія плантатары могуць застацца без работнікаў

Нягледзячы на тое, што сезон трускалак яшчэ не пачаўся, вытворцы асцерагаюцца, што жадаючых сабраць ураджай не будзе. Недахоп сезонных рабочых можа азначаць, што вялікая частка ўраджаю прападзе.

«Пачнем з таго, што колькасць садоў і плантацый павялічваецца, а колькасць працаўнікоў – не», – кажа Цэзары Сыгоцкі, уладальнік агенцтва па працаўладкаванні, які працуе ў гэтай галіне ўжо 25 гадоў. Паводле прагнозаў прадпрымальніка, праблема недахопу працоўных рук на ўборцы трускалак будзе вельмі вострай. Да такой ступені, што – калі, як прагназуецца, надворʼе ў гэтым годзе будзе спрыяльным – недахоп людзей для працы прывядзе да таго, што да сарака працэнтаў ураджаю застанецца гніць на кустах.

Беларускае Радыё Рацыя