BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі грошай сабралі з беларусаў падчас суботніка?

У Беларусі 20 красавіка прайшоў агульнарэспубліканскі суботнік. Папярэдне вядома, што ў ім узялі ўдзел каля 2 млн 400 тысяч чалавек, было сабрана каля 14,5 млн. рублёў, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык. «Гэта на 400 тыс. рублёў больш, чым у мінулым годзе», – пахваліўся чыноўнік.

Фота: тэлеграм-канал Нацбанка

Раней ва ўрадзе распавялі, куды пойдуць гэтыя грошы. Амаль усе сродкі, як у мінулыя гады, пусцяць на «патрыятызм». У прыватнасці, 35% ад усіх заробленых падчас суботніка грошай накіруюць Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Дзецям – ахвярам вайны» ў аграгарадку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Яшчэ 35 працэнтаў аддадуць Берасцейскаму аблвыканкаму, каб на базе Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці стварыць рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Астатнія 30 працэнтаў грошай беларусаў перададуць на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы ў абласцях і Менску.

Суботнікі – гэтае мерапрыемства, прысвечанае бясплатнай прымусовай працы ў непрацоўны час, часцей за ўсё ў выходныя дні. (news.zerkalo.io)

Інфляцыя ў Еўропе

Еўрастат апублікаваў звесткі аб росце цэн у розных краінах кантыненту за сакавік гэтага года. Еўрапейская эканоміка аднаўляецца пасля крызісу, тэмпы росту цэн зніжаюцца. Інфляцыя ў краінах Еўразвязу агулам складае 2,6% за год (сакавік 2024 у параўнанні з сакавіком 2023). Для параўнання, летась гэты паказчык складаў 8,3%.

У якіх краінах цэны выраслі за год найменш?
1) Літва – 0.4%
2) Фінляндыя – 0,6%
3) Данія – 0,8%.

Што ў нашых суседзяў? У Латвіі інфляцыя склала 1%, у Польшчы – 2,7%. Для параўнання, у Беларусі цэны за год выраслі на 5,6%. (nashaniva.com)

Канфлікт паміж Ізраілем ды Іранам пагражае «нафтавым шокам»

На думку прадстаўнікоў МВФ, калі рэгіянальная напружанасць перарасце ў больш востры канфлікт паміж Іранам і Ізраілем, сусветная эканоміка сутыкнецца з парушэннем паставак нафты. Пра гэта паведамляе Bloomberg. Тым часам на фоне пагрозы санкцый з боку ЗША экспарт іранскай нафты на мінулым тыдні дасягнуў максімуму за шэсць гадоў, зазначае Forbes. Іран экспартаваў больш за 1,56 млн. барэляў нафты ў дзень, асноўным пакупніком стаў Кітай.

У ноч на 14 красавіка Іран нанёс самы масіраваны ў сусветнай гісторыі ўдар дронамі па Ізраілі. Ізраіль заявіў аб перахопе 99% запушчаных беспілотнікаў, а 19 красавіка нанёс зваротны ўдар па Іране. У ЗША папярэдзілі Іран аб магчымых санкцыях. (officelife.media)

Беларусы пачалі прадаваць да Вялікадня шалупінне ад цыбулі

Пятага траўня праваслаўныя вернікі адсвяткуюць Вялікдзень. Мяркуючы па ўсім, менавіта таму ў інтэрнэце актывізаваліся прадаўцы адходаў – цыбульнага шалупіння, з дапамогай якога многія фарбуюць курыныя яйкі. Спосаб гэта просты, бяспечны, дзейсны і… танны. Ці ўсё ж не вельмі?

Так, напрыклад, прадавец па імені Наталля 17 красавіка апублікавала абʼяву аб продажы маленькага пакунка шалпупіння цыбулі вагой 50 грамаў. Кошт – 2,5 беларускія рублі. У апісанні сказана, што танней будзе набыць оптам: за 5 такіх пакункаў з вас возьмуць 20 рублёў. А вось Вольга з Менска прадае шалупінне крыху даражэй – па 3 рублі за пакет. Праўда, які абʼём, не пазначана. Беларуска запэўніла, што аднаго пакунка «хопіць на рондаль 6 літраў», а «яек можна пакласці колькі хочаце». Таксама прадавец гатова выслаць такі важны і патрэбны тавар поштай. Нагадаем, што ў прадуктовых крамах Менска самую рэпчатую цыбулю можна купіць да 3 рублёў за кілаграм.