BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Колькі ў Беларусі выдаткоўваюць на аднаўленне зямель пасля Чарнобылю?

На ахову зямель, пацярпелых ад Чарнобыльскай АЭС, у бягучым годзе накіруюць каля 150 мільёнаў рублёў. Такую суму назвалі падчас прэс-канферэнцыі з нагоды 38-ай гадавіны пасля аварыі. Гаворка ідзе пра вапнаванне кіслых глебаў, унясенне ўгнаенняў, стварэнне пашаў і сенакосаў. Мэта такіх укладанняў – атрыманне нарматыўна чыстай прадукцыі па ўтрыманні радыенуклідаў.

Пры гэтым у Беларусі надалей амаль 294 тысяч гектараў зямель выведзена з абароту з прычыны забруджвання. Раней у Дзяржатамнаглядзе расказалі, што ў забруджаных зонах застаюцца 2022 населеныя пункты, на забруджаных тэрыторыях пражываюць каля 930 тысяч чалавек.

Агулам з пачатку трагедыі ў 1986 годзе на ліквідацыю яе наступстваў у Беларусі накіравала каля 20 мільярдаў даляраў, піша Office Life.

ЗША часткова знялі санкцыі з паставак медабсталявання ў Беларусь

Злучаныя Штаты вывелі з-пад экспартных абмежаванняў некаторыя віды медыцынскага абсталявання для Беларусі і Расеі. Пра гэта паведамляе амерыканскае Бюро прамысловасці і бяспекі.

Санкцыі знялі з медыцынскіх вырабаў пад кодам EAR99. Да яго адносіцца шырокі пералік абсталявання, што выкарыстоўваюць у бальніцах, паліклініках і медцэнтрах для дыягностыкі захворванняў. У прыватнасці, размова вядзецца пра гематалагічныя аналізатары, кардыёстымулятары, стаматалагічныя інструменты ды імпланты, машыны для пералівання крыві, слыхавыя апараты і ЭКГ, сардэчныя клапаны, маніторы для стацыянараў, апараты УГД і ШВЛ, дэталі для апаратаў КТ і МРТ.

Санкцыі не будуць распаўсюджвацца на гэтыя вырабы толькі ў тым выпадку, калі абсталяванне выкарыстоўваюць для медыцынскіх мэт, а не ў прамысловай сферы або ваенна-прамысловым комплексе.

Варшаўскі аэрапорт імя Шапэна хоча павялічыць пасажырапаток

Дзяржаўнае прадпрыемства “Польскія аэрапорты”, якое з’яўляецца ўладальнікам большасці буйных аэрапортаў у краіне, плануе пашырыць сталічную паветраную гавань. Для гэтага Варшаўскаму міжнароднаму аэрапорту імя Фрыдэрыка Шапэна неабходна 2 млрд 300 млн злотых (532 млн еўра). Інвестыцыя запланаваная на 2024-2030 гады.

У прыватнасці, у рамках пашырэння аэрапорта і для росту пасажырапатоку плануецца будаўніцтва дадатковага модуля будынка аэравакзала, павелічэнне гейтаў для вылетаў, а таксама павелічэнне колькасці прыстаўных рукавоў для пасадкі і высадкі пасажыраў.

У мінулым годзе пасажырапаток у аэрапорце імя Шапэна склаў амаль 18 млн 500 тысяч чалавек, піша “Беларуская служба Польскага радыё”.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: RFE/RL.