Санкцыі супраць Расеі “павінны перастаць быць фіктыўнымі”, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у інтэрв’ю кампаніі tvn24.
“Палова Еўропы да гэтага часу гандлюе з Расеяй і Беларуссю, многія кампаніі, у тым ліку польскія, паспяхова абыходзяць санкцыі. Таму што чамусьці ніхто не зацікаўлены ў строгім забеспячэнні іх захавання”, — сказаў ён.
7 сакавіка ўкраінскае выданне “Эканамічная праўда” са спасылкай на статыстычныя даныя ААН паведаміла, што экспарт польскіх тавараў у Беларусь у 2023 годзе стаў рэкордным з 2000 года, дасягнуўшы каля 2,9 млрд даляраў. Самым вялікім артыкулам польскага экспарту ў Беларусь названы аўтамабілі, пастаўкі якіх склалі амаль 1 млрд даляраў, на другой пазіцыі знаходзіцца пластык, на трэцяй — машыннае абсталяванне, далей ідуць электроніка і фарбы. Пры гэтым, зазначаюць аўтары матэрыялу, значную частку экспарту складаюць тавары падвойнага прызначэння.
Беларусь выйшла з шэрагу пагадненняў аб двайным падаткаабкладанні
Беларусь часткова прыпыніла дзеянне пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання з “недружалюбнымі” краінамі. У прыватнасці, замарожаныя аказаліся пункты, якія датычацца выплаты падаткаў на атрыманыя дывідэнды, даходы ад даўгавых патрабаванняў і даходы ад адчужэння маёмасці.
Дзеянне гэтых палажэнняў прыпынена да 31 снежня 2026 года ў падатковых пагадненнях Беларусі з ЗША, Францыяй, Даніяй, Польшчай, Швецыяй, Бельгіяй, Літвой, Латвіяй, Нідэрландамі, Чэхіяй, Балгарыяй, Эстоніяй, Румыніяй, Кіпрам, Швейцарыяй, Славакіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Харватыяй, Паўночнай Македоніяй, Італіяй, Германіяй, Фінляндыяй, Ірландыяй, Славеніяй, Іспаніяй і Вялікабрытаніяй. Тэкст пастановы ўрада апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Агароднікаў у райцэнтрах Гомельшчыны прапануюць прызнаць “дармаедамі”
У райцэнтрах Гомельшчыны агароднікаў прапануюць не ўключаць у катэгорыю насельніцтва, занятага ў эканоміцы, а лічыць “дармаедамі”. Гаворка пра гэта ішла на нарадзе пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Івана Крупко, піша “Гомельская праўда”.
Цяперашняе заканадаўства не лічыць “дармаедамі” тых, хто жыве са свайго гароду. Іх занятасць у эканоміцы пацвярджаюць адпаведныя службы. На Гомельшчыне агароднікі могуць лічыцца занятымі ў эканоміцы паўсюдна, акрамя Гомеля і Мазыра. Але цяпер на абмеркаванне вынесена рашэнне ўключыць у спіс гарадоў, дзе нельга займацца такога кшталту агародніцтвам, яшчэ Жлобін, Рэчыцу, Светлагорск, магчыма іншыя райцэнтры. “У прамсектары гэтых гарадоў дастаткова вакансій, яны маюць патрэбу ў запаўненні”, — піша “Гомельская праўда”.
Улады Беларусі хваляцца прамысловым турызмам
Пра “вельмі інтэнсіўнае” развіццё прамысловага турызму ў Беларусі заявіў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык. У гэтай сферы заняты больш як 130 арганізацый і прадпрыемстваў, удакладніў ён, у 2023 годзе іх аб’екты наведалі больш як 200 тыс. мясцовых жыхароў і іншаземцаў, што на траціну больш, чым годам раней. Паводле чыноўніка, у прамысловым турызме “экскурсійны складнік мае вялікае значэнне” — работнікі прадпрыемстваў могуць праводзіць экскурсіі без адпаведнай атэстацыі. Так, на “Камунарцы” кажуць, што прынялі найбольш турыстаў — больш за 25 тысяч чалавек. Каля тысячы з іх — іншаземцы. За грошы яны паўтары гадзіны могуць знаходзіцца на кандытарскай фабрыцы.
Беларускае Радыё Рацыя