BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расейская чыгунка хоча палепшыць падыходы да партоў для Беларусі

Расейская чыгунка мае намер пашырыць чыгуначныя падыходы да балтыйскіх партоў, каб забяспечыць перавалку беларускіх грузаў у порце Бронка. Гаворка ідзе пра будаўніцтва 75-кіламетровага паўднёва-заходняга абыходу Пецярбурга. Будоўлю плануюць завяршыць у 2028 годзе.

Інвестыцыі, неабходныя для развіцця падыходаў да паўночна-заходніх партоў для экспарту беларускай прадукцыі, ацэньваюць на 156,3 мільярдаў рублёў (каля 1,7 млрд даляраў), вынікае з дакументаў, якія бачыў «Коммерсант». Гэтыя сродкі патрэбны для развіцця ўчастка Бацецкая-Бронка, што дазволіць экспартаваць праз порт Бронка ў Ленінградскай вобласці 20 млн тон беларускіх грузаў. У інвестыцыйнай праграме расейскай чыгункі гэтых сродкаў няма, таму невядома, адкуль іх плануецца ўзяць.

Пасля закрыцця балтыйскімі краінамі сваіх партоў для Беларусі ўлады ў Менску шукаюць выйсце праз Расею, у якой, у сваю чаргу, не хапае магутнасцяў для беларускіх грузаў. (nashaniva.com)

З Берасцейшчыны з’ехала больш за палову маладых спецыялістаў

У Кобрыне прайшло сумеснае пашыранае пасяджэнне прэзідыума Берасцейскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і абласнога Маладзёжнага савета галіновага прафсаюза. Як паведамляе абласное тэлебачанне, на ім агучылі “несуцяшальную” статыстыку пра “замацаванне маладых спецыялістаў на месцах у апошнія гады”.

“У сельгасарганізацыі Берасцейскай вобласці ў 2021 годзе прыбыло 269 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 453 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, — гаворыцца ў сюжэце. — Праз два гады, пасля адпрацоўкі, на сваім першым працоўным месцы засталася толькі палова маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і менш за 40% з сярэдняй спецыяльнай… Кадравы дэфіцыт становіцца адной з праблем галіны”, – канстатавалі ў сюжэце. (euroradio.fm)

Еўрапейскі “Зялёны лад” – не на карысць Расеі

Выданне Polityka асвятляе тэму “Зялёнага ладу” – праграмы Еўразвязу, якая апрацаваная перш за ўсё з мэтаю змяншэння шкодных выкідаў у атмасферу. Адным з яе асноўных пастулатаў з’яўляюцца змены ў сельскай гаспадарцы, між іншым, частку ворнай зямлі – адну дзясятую – трэба будзе часова выключаць з апрацоўкі, таксама трэба будзе зменшыць колькасць угнаенняў і пестыцыдаў.

У шматлікіх краінах Еўразвязу ўспыхнулі пратэсты фермераў супраць гэтай праграмы, фермеры таксама выступаюць супраць украінскай сельгаспрадукцыі. На думку Барташа Урбаняка, эксперта банка BNP Paribas па сельгасрынках,  пратэстамі фермераў маніпулююць расейскія агенты. “Зялёны лад” вельмі не падабаецца Расеі. Калі ўдасца рэалізаваць яго мэты, важнейшай з якіх з’яўляецца адмова ад выкапнёвага паліва, Расея страціць вялікую частку бюджэтных даходаў, і, адпаведна, сродкаў на вайну.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: port-bronka.ru (порт Бронка)