BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алесь Зарэмбюк: У Еўрапарламенце адкрываем выставу, прысвечаную Алесю Бяляцкаму

У Брусэлі знаходзіцца кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Паразмаўлялі з ім пра беларускія мерапрыемствы да Дня Волі ў Еўрапарламенце.

РР: У Еўрапарламенце праходзяць Дні Волі? Якая праграма гэтых дзён?

Алесь Зарэмбюк: Сёння ў Еўрапейскім парламенце адбудзецца Дзень беларускай свабоды. Ён арганізаваны перадусім дэпутатам ад Польшчы, шматгадовым сябрам дэмакратычнай Беларусі і беларускага грамадства спадаром Анджэем Халіцкім. А таксама прадстаўнікамі дэлегацыі па дачыненнях з Беларуссю ў Еўрапейскім парламенце. У асноўным гэта еўрапейскія дэпутаты ад Польшчы і Літвы, якія, нягледзячы на змены той ці іншай палітыкі за апошняе дзесяцігоддзе, заўжды былі разам з беларускім грамадствам, якое прагне, каб Беларусь была дэмакратычнай і незалежнай дзяржавай.

І вось сёння адбудзецца адкрыццё выставы пра нашага Нобелеўскага лаўрэата, пра Алеся Бяляцкага, пра чалавека, які з’яўляецца прыкладам мужнасці, прыкладам сілы духу і прыкладам прыхільнасці да еўрапейскіх каштоўнасцяў, на якіх грунтуецца Еўрапейскі звяз. Таму што Алесь пачынаў сваё змаганне за незалежную, дэмакратычную Беларусь, за беларускую Беларусь, за Беларусь з дзяржаўнай беларускай мовай, што зараз актуальна так, як ніколі, яшчэ са студэнцкіх гадоў.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Беларускі Дом з’яўляецца адным з арганізатараў святкавання Дня Волі ў Еўрапарламенце. Мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне абвяшчэння БНР, пройдуць 19 сакавіка ў Бруселі.

Беларускі Дом у Варшаве паведамляе, што святкаванне адбудзецца ў супрацы з наступнымі дэпутатамі Еўрапарламента: Анджэй Галіцкі, Раса Юкнявічэне, Андрус Кубілюс, Сандра Калніетэ, Влодзімеж Карпінські, Дацэ Мелбардэ і пры падтрымцы EPP (Еўрапейскай народнай партыі).

Праграма святкавання:

18.00 – “Я не баюся, хай яны баяцца” — выстава, прысвечаная нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму (Yehudi Menuhin, PHS паверх 2)

Выстава распавядае пра жыццёвы шлях і пакліканне вядомага беларускага праваабаронцы, які быў асуджаны рэжымам Лукашэнкі на 10 гадоў зняволення па палітычных матывах. Гэтая выстава прысвечаная цяжкай, але паслядоўнай барацьбе беларускага праваабаронцы за дэмакратычныя каштоўнасці — ад студэнцкага руху да Нобэлеўскай прэміі міру.

19.00 – спектакль“Паслядзяцінства”  ад Беларускага Свабоднага Тэатра (Yehudi Menuhin, PHS floor 1). Спектакль распавядае пра жыццё і праблемы беларускіх і ўкраінскіх падлеткаў-уцекачоў. Ролі ў ім выконваюць студэнты тэатральнай школы Free Artist у Варшаве.