BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аб’явілі збор на надмагільны помнік памерламу за кратамі Ігару Ледніку

На платформе «Байсол» аб’явілі збор на ўсталяванне помніка на магіле палітвязня з Барысава Ігара Ледніка. Пра смерць за кратамі гэтага праваабаронцы, грамадскага і палітычнага дзеяча стала вядома 20 лютага. Збор на помнік адкрыў сын нябожчыка.

Тры гады зняволення (а па факце смяротны вырак) Ігар Леднік атрымаў ад суддзі Таццяны Шоцік за свае крытычныя публікацыі. Ён стаў пятым палітычным вязнем, які памёр у турме.

Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку і асудзілі на тры гады калоніі. 

Свой тэрмін палітвязень адбываў у Бабруйскай калоніі №2. У чэрвені 2022 года ягоная адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчасці следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у турэмным шпіталі ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі №2, дзе адбываў тэрмін.

Падтрымаць збор можна па спасылцы, але ні ў якім разе не варта данаціць з беларускіх ці расейскіх картак.