BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алег Корбан: “У нас усё пачалося з нуля, быццам толькі нарадзіліся”

Гісторыя 1. Алег Корбан. “У нас усё пачалося з нуля, быццам толькі нарадзіліся”

Актывіст Алег Корбан да эміграцыі займаўся грамадскай дзейнасцю і ўзначальваў арганізацыю “Альтэрнатыва”, сябры якой займаліся рознымі сацыяльнымі і культурнымі праектамі. Таксама ён быў індывідуальным прадпрымальнікам і працаваў у сферы паслуг, а ў прыватнасці аніматарствам для дзяцей.

Алег Корбан падчас акцыі ў гонар 28-й гадавiны прыняцця Бел-чырвона-белага сцяга i герба Пагоня як дзяржаўнай сiмволiкі. Віцебск, 2019 год.

“Наша арганізацыя ладзіла лакальныя акцыі па вырашэнні мясцовых праблем, якія вызывалі клопат у мясцовых жыхароў. Напрыклад, рамонт лесвіц, рамонт дарожак. А ў больш глабальным плане мы займаліся шыльдамі, на якіх размяшчаліся назвы гістарычных назваў вуліц. То бок усе мы ведаем, што маецца вуліца Леніна, Інтэрнацыянальная, Рэвалюцыйныя. Але ў гісторыі нашых гарадоў гэтыя ўсе вуліцы мелі іншыя назвы. І ў нас была такая ідэя, каб размяшчаць шыльды з пералікам гістарычных назваў вуліц.” – распавядае Алег Корбан.

У палітычным працэсе 2020 года, як згадвае актывіст, ён непасрэдна не ўдзельнічаў: не быў сябрам каманды кагосьці з кандыдатаў, не ўдзельнічаў у назіранні за выбарамі. Проста хадзіў з сябрамі на маршы, але без афішавання арганізацыйнай прыналежнасці. А таксама пасля жніўня 2020-га ён з аднадумцамі пачаў кампанію па зборы ахвяраванняў для пацярпелых. Пасля гэтага Алег Корбан трапіў пад крымінальны пераслед, быў засуджаны на турэмнае зняволенне на паўгода, па вызваленні адкуль яшчэ год быў на даглядзе.

Усё завяршылася у пачатку траўня 2022 года. І нават тады так сталася, што калі заканчваўся ўвесь гэты працэс, мяне яшчэ раз затрымалі на 15 сутак. І гэта было цяжкае выпрабаванне. Тады стала ясна, што сітуацыя кепская, тым болей, пачалася вайна. Стала ясна, што рэпрэсіі не заканчваюцца, а набіраюць моц. І гэта ўжо закранае не толькі актывістаў, але і звычайных людзей, якія паставяць не там лайк ці напішуць не той каментарый. Мы з нашай сям’ёй зразумелі, што для такіх людзей, як мы, у краіне нічога пазітыўнага не будзе. А калі застанёмся, што гэта будзе турма і цяжкія выпрабаванні”.

Алег Корбан з сям’ёй вырашае з’ехаць з радзімы. Для эміграцыі яны абіраюць Каралеўства Бельгія, куды яны прыязджаюць увосень 2022 года і адразу ж просяць палітычны прытулак.

Алег Корбан з сям’ёй на поўначы Бельгіі.

Ані сяброў, ані сваякоў у Бельгіі, якія маглі б дапамагчы з пражываннем, у сям’і Корбана не было. А арандаваць жытло ў Бельгіі складаней, чым у Польшчы ці Літве, бо патрэбны ID. Таму іх спярша пасялілі ў лагер у Бруселі, дзе яны пражылі каля месяца.

Потым ужо ўлады абралі для нас пастаяннае месца жыхарства, пастаянную мясцовасць. Гэта ў правінцыі Лімбург. Лагер знаходзіцца на тэрыторыі былой вайсковай базы, якая цяпер абсталяваная для ўцекачоў. Яны тут жывуць гадамі, пакуль вырашаецца пытанне аб прадстаўленні статусу. Наша сям’я тут пражывае больш чым паўтара года.” – распавёў Алег Корбан.

Харчаванне ў лагеры для бежанцаў

Праз пяць месяцаў пасля пражывання ў лагеры Алег Корбан аўтаматычна атрымаў права на працу.

Пачаткова ў Алега не было думак адразу ўладкоўвацца працу. Як прызнаўся актывіст, “я не ведаў дасканала англійскай мовы. Ды і англійская не з’яўляецца дзяржаўнай мова ў Бельгіі. А ў нашым рэгіёне размаўляюць на нідэрландскай”.

Але з цягам часу для Алега сталася ясна, што не ўсё так кепска з працай. І калі ёсць жаданне працаваць, у Бельгіі прадстаўляецца такая магчымасць для працы, нягледзячы на адсутнасць добрага валодання мовай. Хтосьці з лагеру, дзе пражывае Алег Корбан, працуе на фабрыцы, хтосьці на пошце, хтосьці кур’ерамі, шмат людзей на клінінгу працуе.

Я пачаў паступова настройвацца на неабходнасць недзе тут працаваць. І вось, даведаўшыся пра розныя вакансіі і іх змест, я і абраў клінінг. Калі стаў працаваць у гэтай сферы, то зразумеў, што тут няма нічога складанага, добры заробак для першага часу (даволі ладны і нават касмічны для Беларусі), а яшчэ тут ёсць свае “плюшкі”, такія, як электраровар ад працадаўцы, дадатковыя чэкі на ежу ад сацыяльнай арганізацыі, а яшчэ прадстаўляецца дадатковы выходны дзень і г.д. І ніякіх суботнікаў, разнарадак, уступлення ва ўсялякія “белыя русі”, падвышанага кантролю і г.д. Ва ўмовах, якія створаны для звычайнага працоўнага ў Бельгіі, працаваць прыемна і зусім няцяжка”.

Дамы, у якіх працуе Алег Корбан.

Хоць, паводле ягоных слоў, спачатку былі пэўныя складанасці і стэрэатыпы.

Я адаптаваны да ўсяго ў жыцці, праходзіў праз шмат якія выпрабаванні. Я дагэтуль жыў і не задумвайся, як адбываецца гэтая праца і не бачыў сябе ў гэтай сферы. Канешне я б раней не мог сабе ўявіць, што буду ў гэтай сферы працаваць. Але калі я пабачыў, як гэта тут, то зразумеў, што нічога складанага няма. І ранейшыя мае ўяўленні – гэта стэрэатыпы”.

Актывіст знайшоў плюсы ў працы па клінінгу. Гэта вольны графік, калі не трэба працаваць ад самай раніцы да позняга вечара. Маюцца выходныя. Да таго ж, заўжды ёсць магчымасць дамовіцца, каб з кімсьці замяніцца. Такога не дазволіш сабе, калі працуеш, напрыклад, кур’ерам ці ходзіць працаваць на фабрыку. Тым болей, як заўважае Алег Корбан, праца па клінінгу дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з побытам і нейкімі асаблівасцямі жыцця бельгійцаў: “У нашым рэгіёне значная частка жыхароў жыве ў прыватных дамах. І гэтыя будынкі прыгожыя, хацелася паглядзець, як тут абсталяваныя кухні, гасцінныя, чым увогуле жывуць бельгійцы, пазнаёміцца з іх жыццём”.

На дадзены момант Алег Корбан з сям’ёй чакае на разгляд просьбы аб прадстаўленні прытулку. Пасля гэтага плануе вывучаць нідэрландскую мову і крыху часу прысвячаць на працу ў клінінгу, дзе добрая аплата для першага часу. Тым болей, што яна дае магчымасць для самаадукацыі:

Гэтая праца дазваляе вывучаць англійскую мову, я штудзірую яе штодня і даводжу да пэўнага роўню. Калі працуеш, то можна ўключыць штосьці па-англійску ў сябе на мабіле і слухаць праз дынамік ці праз навушнікі, можна цалкам вывучаць замежную мову паралельна, гэта ўпісваецца ў працу.

У Бельгіі сям’і Алега Корбана давялося пачынаць усё з нуля. “Быццам мы толькі нарадзіліся. З нуля даводзіцца вывучаць мову, адаптавацца да нюансаў менталітэту, пэўных асаблівасцяў. Напрыклад, што ў панядзелак не працуюць крамы, што калі запісваешся да лекара ці адрамантаваць ровар, то чакаць на гэта давядзецца цэлы тыдзень, а тое і месяц. То бок цяпер мы прызвычайваемся да гэтага ўсяго, праходзім праз усе ступені нашага развіцця.”

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя