BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларускае Радыё Рацыя прызнанае “экстрэмісцкім фармаваннем”

“Беларускае Радыё Рацыя” прызнанае “экстрэмісцкім фармаваннем”. Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 16 студзеня. Раней экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаваліся некаторыя артыкулы Беларускага Радыё Рацыя.

Каментуе старшыня ўправы “Беларускага Радыё Рацыя” Яўген Вапа:

– Тое, што адбываецца ў беларускай рэальнасці, абазначае вайну дыктатуры з усімі праявамі незалежнай думкі ў кожным яго элеменце. З грамадскай, палітычнай, культурнай, ну а ў гэтым выпадку з журналісцкай. Так што тут ні на што спадзявацца не трэба. Верыць у цуды нельга, трэба рабіць сваю журналісцкую працу, якая рабілася. Гэта наш журналісцкі выклік і абавязак, каб данесці тое, што рэальна адбываецца ў Беларусі і вакол Беларусі. На жаль, сітуацыя так хутка змяняецца, што геапалітычны кантэкст пачынае адыгрываць штораз большую ролю, да чаго сам прызнаецца Аляксандр Лукашэнка. Ён ужо страціў кантроль над войскам. Мацкі з Крамля вырашаюць, што будзе адбывацца з Беларуссю, гэта вельмі сумны сцэнар. Нас, як незалежнае беларускае вяшчанне, шмат гадоў увогуле не прызнавалі. Журналісты “Беларускага Радыё Рацыя” ніколі не атрымлівалі акрэдытацыю на сваю працу ў Беларусі, хоць мы столькі гадоў існуем і падавалі на тую акрэдытацыю. Сайт і сацсеткі былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

РР: Акрэдытацыю не прызналі, але прызналі экстрэмісцкім фармаваннем? І ці з’яўляецца гэта прызнаннем нас, нашай працы?

Яўген Вапа: Так. Гэта па чарзе, і сацыяльныя сеткі, і зараз у цэлым радыё. Гэта ёсць фіксацыя дэ-юра таго, што было гадамі ад хвіліны ўзнікнення Радыё Рацыя. Так што гэта ёсць менавіта тая справа, якая паказвае, што тую працу, якую мы робім, нашы журналісты, нашы супрацоўнікі, ёсць патрэбная і карысная  грамадству дзеля інфармавання. А калі тое, што мы ёсць трывала замацаваныя ў прасторы і праз столькі гадоў працы здабылі давер нашых слухачоў не толькі ў Беларусі, але і праз інтэрнэт, праз ютуб ды іншыя сацыяльныя сеткі ва ўсім свеце, сярод беларусаў, якія там апынуліся, дык месца і значэнне Беластока ў сувязі з тымі ўсімі падзеямі, якія зараз адбываюцца, вельмі ўзрастае. І таму тут вельмі важна, каб менавіта нашае вяшчанне было далей, як у сваёй назве Беларускае Радыё Рацыя. Гэта ёсць гонар, але адначасна абавязвае нас паказваць сітуацыю як яна выглядае з беларускага пункту гледжання.

РР: Той факт, што нас прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, ці змяняе ён што ў працы Радыё Рацыя, у працы нашых журналістаў, ці нясе ён нейкую дадатковую небяспеку для журналістаў?

Яўген Вапа: Журналісты заўсёды, калі яны трапляюць яшчэ пад дадатковы нагляд, бо трэба сказаць, што за гэтым ідуць чарговыя крокі. Думаю, што звычайная асцярожнасць на працы, асцярожнасць у побытавым значэнні, але таксама і большая адказнасць за нашыя матэрыялы, за іх правяранне, за іх крыніцы, бо кожныя памылкі, якія заўсёды здараюцца ў журналісцкай працы, будуць адразу падхопленыя прапагандыстамі.

РР: І ў дзесяць разоў перабольшаныя.

Яўген Вапа: І ў дзесяць разоў перабольшаныя. Усе кажуць, што мне не падабаецца гэтае прызнанне за нашу працу. Для мяне гэта праява таго, што ніколі не павінна здарыцца, бо прызнанне адбываецца зусім на іншай глебе. А тут мы проста маем ідэалагічную атаку, ідэалагічную вайну з боку рэжыму. І трэба сабе з гэтага даць справаздачу, што гэта толькі адпор дае шанец, каб людзі не засталіся абсалютна ў пустым вакуўме, як цяпер зараз ідзе зачыстка ў самой Беларусі.  І выцісне ўсіх па-за межы Беларусі, хто займаўся незалежнай журналістыкай.

Мы маем іншы досвед, бо мы маем шматгадовае вяшчанне з Беластока, іншая крыху сітуацыя, бо гадамі працуем у адным месцы без дыслакацыяў, пераносаў, і што дазваляла крыху іншы падыход да таго, што разбудоўваць, нягледзячы на розныя недахопы, у тым ліку і фінансавых сродкаў ды іншага. Разбудоўваць у адно месца тую інфраструктуру, якая ёсць. І гэта праца, дарэчы, пры інфармацыйных войнах і гэтых шумах інфармацыйных – знайсці менавіта для сябе нішу і тое, што нас слухаюць, гэта вялікі выклік, асабліва пры ФМ-вяшчанні, якое мы маем.  Таму ёсць дапаможныя розныя сродкі праз якія мы таксама стараемся даходзіць да нашых слухачоў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Як нагадаў Яўген Вапа, радыё шмат разоў звярталася па акрэдытацыю для сваіх журналістаў, але Міністэрства замежных спраў Беларусі кожны раз у гэтым адмаўляла. Таксама, паводле кіраўніка нашага радыё, на магчымасці і працу радыёстанцыі рашэнне КДБ ніяк не паўплывае і заклікаў нашых слухачоў заставацца на нашых хвалях.

Беларускае Радыё Рацыя