BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ціхія Адраджэнцы»: Рыгор Фарманян

Працягваем публіцыстычны цыкл пра рупліўцаў беларускай справы, якіх нельга забываць і пакінуць у нябыце.

Рыгор Фарманян (1942-2018).

Яго фотапартрэт, як сымбаль змагання і супрацьстаяння палітычнай сістэме з народам пад час Чарнобыльскага шляху 1996 году быў вельмі папулярны ў Краі. У кніжцы «Менская Вясна 96» фота спадара Рыгора з акрываўленай павязкай на галаве, які трымае сцяг досыць запамінальнае. Рыгор Фарманян паводле паходжання – армянін, які нарадзіўся ў грузінскай вёсцы Месхеці, каля места Ахалкалакі. Продкі, паводле яго сведчання паходзілі з тэрыторыі сучаснай Турцыі, але прыжыліся ў Грузіі. Маці памерла, калі яму было 2 месяцы, таму выхаваннем сына займаўся бацька, Міхаіл. На ўтрыманні ў яго было тры непаўнагадовыя сыны: яму – амаль тры месяцы, старэйшаму 10 гадоў, а сярэдняму – сем гадоў.

Спадар Рыгор з дзяцінства выхоўваўся ў шматнацыянальным асяроддзі, і змалку ўцяміў сілу любові чалавека, ягонага жыцця, якая разбурае прыхамаці міжнацыянальных спрэчак. Пра гэта падрабязна апісаў ён сам ва успамінах, што былі апублікаваны ў аўтарскай кнізе Тацяны Савянковай «Ад роднай зямлі» (Гродна. 2021 г.). З-за пагрозы быць адпраўленым камісарыятам ягонага бацьку Міхала на фронт, апеку за маленькім Рыгорам была гатовая ўзяць турчанка. Але – урэшце абышлося.

Пазней, ён напіша: «Спадзяюся, што калі-небудзь настане той светлы дзень, калі мой армянскі і турэцкі народы знойдуць агульную мову, і будуць жыць, як добрыя суседзі ў міры й дружбе. Так, як павінны жыць і ўсе людзі на нашай вялікай цудоўнай планеце Зямля!»

У Беларусі Рыгор Фарманян апынуўся пад-час тэрміновай вайсковай службы. Тут ажаніўся і прыкіпеў да нашага краю, які стаў і ягоным. Жыў у Скідзелі разам з жонкай – беларускай па імені Валянціна. Пасля пераехаў у Гародню. Працаваў на заводзе Радыё-прыборы. Лётала пагалоска ад работнікаў прадпрыемства, якая замяняла ў жарт, ягоныя гаспадарчыя здольнасці: «Сама хітры із армян – гэта Грыша Фарманян». Там ён працаваў майстрам, а пасля начальнікам цэха.

Спадар Рыгор быў цікавым суразмоўцам. І ня толькі чалавекам, які хацеў спазнаць беларускую душу, але і папулярызаваў беларушчыну, у меру сваіх сілаў. З пачатку 1990-га стаў сябрам БНФ за перабудову «Адраджэньне», у мясцовай гарадзенскай суполцы быў пэўны час сябрам Гарадзенскай рады. Многія сябры, якія бралі ўдзел у пікетах і акцыях пачатку 1990-х, памятаюць, што удзел Рыгора Фарманяна заўсёды згладжваў гістэрыку з боку шавіністых, ці расейскіх вайсковых адстаўнікоў, якія імкнуліся навязаць на сяброў БНФ ярлыкі фашыстаў, ці нацыстаў. Яго з“яўленьне там, а выгляду ён быў далёка непадобнага на славянскі, а таксама аспрэчванне па-беларуску, ставіла тых людзей у ступар. Асабліва медыйным стаў Рыгор Фарманян у выніку «Чарнобыльскага шляху» 1996 года ў Менску. Там ён праявіў бясстрашнасць, і рашучасць у абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Хаця тады яшчэ, ані міліцыя да маніфестоўцаў, ані самы ўдзельнікі палітычных акцыяў-рэквіумаў па Чарнобылю, не ставіліся да міліцыі з варожасцю. Хутчэй – толькі як да перашкоды.
Памятаю, на акцыю Чарнобыльскага шляху, куды Гарадзенскі БНФ арганізаваў аўтобус, Рыгор Фарманян прывёз ня толькі сцяг, але і дзяржальна з нержавеючай сталі, якім абяцаў адмахвацца ад насеўшых міліцыянтаў, калі здарыцца «сілавы зачос».
Разгон тады быў, але ня памятаю, чым скончыўся для яго. Хоць ягонае фота на акцыі прамовіла больш за пачутае.

На сустрэчы з Зянонам Пазьняком. Рыгор Фарманян справа

Раскол Беларускага Народнага Фронту ён успрыняў, як абразу, і страту надзеяў. Пасля чаго ягоная актыўнасць перайшла на рэгіён Скідзеля, дзе жыў з сям’ёй, падтрымліваў беларускую нацыянальную справу.
Раптоўная смерць ад інфаркту абарвала нітку яго жыцця ў 2018 годзе. Хаця на сэрца ён, паводле сведчаньня жонкі Валянціны, не скардзіўся.
Пахаваны Рыгор Фарманян на Юр’еўскіх могілках каля Скідзеля.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэдні выпуск: Аляксандр Місцюкевіч